Эканамічны калапс: беларусы ўцякаюць працаваць за мяжу

Дэмаграфічны спад ці ўцёкі па лепшыя заробкі за мяжу? Беларусаў, занятых у эканоміцы, з мінулага года паменела на амаль 1,5 %.

Статыстыка, толькі статыстыка!

Як даводзіць Белстат, у сёлетні перыяд са студзеня да верасня ў айчыннай эканоміцы былі занятыя амаль 4,52 млн асобаў. То бок у параўнанні з леташнімі звесткамі з рынку працы сышлі амаль 65 тысячаў.

«Насельніцтва старэе, скарачаецца і з гэтым нічога нельга зрабіць у бліжэйшай будучыні. З другога боку, гэта сведчыць пра тое, што ў эканоміцы стагнацыі і новых працоўных месцаў ствараюць занадта мала», – тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін.

Улады адчулі праблему

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава днямі даводзіла, што чыноўнікі разумеюць праблему з працоўнымі месцамі ў краіне. Паводле яе звестак, праз гэта амаль 100 тыс. беларусаў працуюць за мяжою.

«Не знаходзячы працы, яны проста з’язджаюць… Напрыклад, Столін – там няма працы сёння«, – падсумоўвае Качанава.

Сектары эканомікі, якія найбольш сціскаюцца па колькасці працоўных

Прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва. Пераманіць адмыслоўцаў пры жаданні можа замежны працадаўца. Да прыкладу, калі параўнаць прапановы заробку для будаўніка-штукавальніка ў Беларусі і Расеі, то айчынны рынак істотна прайграе – у сярэднім Eur 400 у эквіваленце супраць Eur 800 у суседзяў.

Спіс працягвае Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які падкрэслівае, што пакуль у пытанні стварэння новых працоўных месцаў улады краіны шмат дэкларуюць і мала робяць.

На ўзроўні афіцыйных паказнікаў узнікае парадокс

Агульная колькасць працаўладкаваных у Беларусі скарачаецца, але беспрацоўных больш не робіцца. Прынамсі зарэгістраваных. Бо станавіцца на ўлік на біржы, якая прапаноўвае 24 рублі дапамогі, беларусы не спяшаюцца. Ці сыходзяць, не дачакаўшыся выніку.

Тое, што беспрацоўе ў 0,6 % нерэалістычнае, ускосна пацвярджаюць і чыноўнікі. Афіцыйны статус непрацаўладкаваных сёлета ў краіне мелі толькі 27 тысячаў чалавек, а вось гэтак званых дармаедаў, са словаў Наталлі Качанавай, налічылі паўмільёна.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама