Эканамічнага росту не будзе


Меўся быць сціплы, але рост, а будзе зніжэнне эканамічнай актыўнасці. Наступствы сёлетніх удараў па беларускай эканоміцы ацаніў у сваім прагнозе Еўразійскі банк развіцця. Тым часам прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас заяўляе, што антыкрызісны план ураду амаль гатовы. Ці ўратуе ён эканоміку, ды ці сапраўды ўсё настолькі дрэнна, разам з эканамістамі разбіраўся Аляксандр Папко.

З росту ВУП на паўтара адсотка да яго падзення на адну дзясятую адсотка. Еўразійскі банк развіцця перагледзеў эканамічны прагноз для нашай краіны. У мінус эканоміку мае адправіць скарачэнне прыбыткаў ад экспарту паліва, а таксама калійных угнаенняў.

«Калі мы ўсё гэта падлічым, то падзенне ВУП на пяць адсоткаў і дваццаць адсоткаў падзення экспарту – гэта тое, што можа быць у гэтым годзе», – больш жорсткі прагноз дае кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Сёлета ў студзені нашая краіна прадала на 17 адсоткаў менш тавараў, чым у студзені летась. Кітай купляе менш нашых угнаенняў праз каронавірус. Экспарт паліва ўпаў, бо Масква ў студзені-лютым скараціла продаж Беларусі нафты ў чатыры разы. Аднак ужо ў сакавіку Расея сама стала ахвярай абвалу цаны на нафту.

«Нафта цяпер каштуе больш чым у паўтара разу танней, чым тая мінімальная цана, пры якой расейскі бюджэт будзе бездэфіцытным. Зараз Расея будзе чыніць захады па паскарэнні дзелавой актыўнасці, аднак з досведу мы ведаем, што ўліванні грошай у расейскую эканоміку маюць вельмі малую эфектыўнасць», – распавядае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

А значыць – наш экспарт у Расею будзе падаць. Працаўнікам якіх галінаў гаспадаркі прыйдзецца цяжэй за ўсё?

«Транспарт ляжа, прамысловасць ляжа, аптовы гандаль ляжа. Можна толькі на пальцах пералічыць, хто застанецца на кані», – папярэджвае Яраслаў Раманчук.

На кані застануцца ІТ, не надта пагоршыцца сітуацыя ў банкаўскім сектары і сельскай гаспадарцы – прагназуе эканаміст. Трывогу выклікае, аднак, стабільнасць беларускага рубля, які падае ўслед за расейскім.

«Гэтая хваля дэвальвацыі больш-менш ужо запавольваецца, але магчымыя наступныя хвалі, звязаныя з абвастрэннем уласна беларускіх эканамічных праблемаў пад уплывам замежных чыннікаў», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч.

Долар па цане каля 2 рублёў 30 капеек, інфляцыя 5 адсоткаў і ніякага павышэння заробкаў – такія вынікі гэтага года прадказвае для Беларусі Еўразійскі банк развіцця. Сціплы рост мае аднавіцца толькі ў 2021 годзе.

Аляксандр Папко, «Белсат»