Эканамічна-экалагічныя пратэсты могуць стаць перадвыбарчымі

У масках і з захаваннем бяспечнай дыстанцыі – берасцейцы зноўку выйшлі на цэнтральную плошчу супраць заводу кампаніі «АйПаўэр».

Гэтак ужо 2 гады доўжыцца мірны пратэст супраць запуску заводу свінцова-кіслотных акумулятараў, пабудаванага ля Берасця са шматлікімі парушэннямі. Сёння сабралася 200 гараджанаў, хоць раней міліцыянты арыштавалі арганізатараў пратэстаў.

«За апошнія дні затрымалі 6 чалавек. Першым – Пятрухіна, у Пухавіцкім раёне. Ён цяпер у ізалятары. Яго абвінавачваюць у двух эпізодах удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», – кажа берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Пасля мірнага сходу і шэсця вуліцамі Берасця затрымалі яшчэ 5 чалавек.

10 траўня 2020 года. Пратэст у Берасці. Фота: Мілана Харытонава

Разам пакарміць птушак і ўскласці кветкі да вечнага агню сёння планавалі і жыхары Віцебску, незадаволеныя перадусім падзеннем узроўню жыцця. Але плошчу Перамогі ачапілі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў. Яны патрабавалі дакументы ўва ўсіх, хто хацеў прайсці да мемарыялу.

«Мы не крычым ніякіх лозунгаў, ніхто не выказваецца матам, хоць гэта чамусьці пазначаюць у пратаколах», – кажа Пётр, удзельнік мірнай акцыі пратэсту ў Віцебску.

За апошнія дні ў розных гарадах Беларусі затрымалі больш за сотню ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Так, у Менску затрымалі актывістаў Моладзевага блоку, якія перформансам нагадалі пра смяротную небяспеку прыгону на парад.

Пад рэпрэсіі трапілі і прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зладзілі аўтамабільны «Антыпарад» у Бабруйску ды прыйшлі падтрымаць блогера ў Магілёве. Сам Ціханоўскі атрымаў 15 дзён арышту, але праз ют‘юб-канал «Страна для жизни» абвесціў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

«Чым бліжэй будзе да фінала так званых выбараў, тым больш актыўна будуць дзейнічаць людзі ў пагонах і рэпрэсіўны апарат у цэлым», – прагназуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

АМАП затрымлівае ўдзельнікаў акцыі падтрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі. Фота: belsat.eu

Пры тым мірныя акцыі пратэсту ў розных гарадах Беларусі пакуль скіраваныя супраць экалагічных і эканамічных праблемаў ды супраць несправядлівых дзеянняў уладаў.

«Я і за Паўла Севярынца, і за Міколу Статкевіча, і Сяргей Чэрачэнь, і Сяргей Ціханоўскі будзе групу ініцыятыўную ствараць. Дапаможам усім», – кажа праціўніца акумулятарнага заводу Зінаіда Міхнюк.

«Гэта шоў, у нас выбараў няма. Я быў назіральнікам. Мы на ўчастку не прапусцілі ні хвіліны, а потым туды дапісалі 300 чалавек, то пра што можа быць размова?» – распавядае праціўнік акумулятарнага заводу Уладзімір Казлоўскі.

Выбары ў Беларусі даўно праводзяць як спецаперацыю, з удзелам дзяржаўных органаў ды ідэалагічнага актыву на месцах, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк. І пакуль не бачна прыкметаў, што сёлета ўдзельнікі будуць мець роўныя ўмовы, а не як звычайна.

«Улада для сябе вызначылася са сцэнаром, але мы пакуль яго не ведаем. Калі яна вызначылася, што будзе шмат кандыдатаў, то іх будзе шмат. І будзе зарэгістравана столькі, колькі трэба. Мы назіралі такую з’яву», – нагадвае палітолаг.

Паводле выбарчага календару, які пазаўчора агучыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, у прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарчай кампаніі засталося 5 дзён, каб сфармаваць і зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Той жа блогер Сяргей Ціханоўскі ў гэты час будзе яшчэ сядзець пад арыштам.

Сёння ж прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, якія ладзілі праймерыз для выбару адзінага кандыдата, паведамілі, што адмаўляюцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Штаб праймерыз заявіў, што абвяшчаць і праводзіць выбарчую кампанію пасярод пандэміі каронавіруса недапушчальна і злачынна. А ўсе палітычныя сілы пастаўленыя ва ўмовы, калі сабраць подпісы для вылучэння кандыдата практычна немагчыма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама