Дзясяткі кіроўцаў правялі антыпарад у Бабруйску


Антыпарад пратэсту, які ператварыўся ў пратэставы аўтапрабег. Нягледзячы на спробы ўладаў сарваць акцыю ў Бабруйску, да ўдзелу ў якой заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі, дзясяткі кіроўцаў з’явіліся на вуліцах гораду, каб выказаць сваю нязгоду з правядзеннем масавай імпрэзы падчас пандэміі.

Удзельнікі антыпараду:

«У Беларусі мусяць адбыцца перамены, а не тое, што адбываецца ўжо 26 гадоў».

«У краіне ўсе радыя працаваць за капейку. На прадпрыемствах трымаюць людзей кантрактамі».

Ад пачатку акцыя пайшла не паводле плану – падпісанты ют’юб-каналу «Краіна для жыцця» планавалі пратэставаць на вуліцы Менскай, аднак яе цалкам перакрылі сілавікі.

У выніку аўтапрабег зладзілі без арыштаванага Ціханоўскага – кіроўцы сігналілі каля гіпермаркету «Карона» і на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Жыхары Бабруйску:

«Працы няма, нічога няма. Сказаць нічога нельга. Калі ты ведаеш свае законы, а цябе МУС забірае за проста так, то навошта тады тут заставацца, жыць?»

«Усіх жа блогераў пасадзілі. Тых жа актывістаў. Як мы будзем жыць далей, людзі? Як?»

І сапраўды, ужо праз некаторы час пасля акцыі пачаліся затрыманні з удзелам АМАПу – агулам каля 20-ці асобаў адвезлі ў міліцыю. Забіралі і тых, хто сёння планаваў пакарміць бабруйскіх галубоў. А блогер Дзмітрый Цімафееў нават паспеў зняць уласнае затрыманне ў жывым эфіры.

З антыпараднага пратэсту «Белсат» планаваў зладзіць відэатрансляцыю, аднак яшчэ перад пачаткам акцыі нашага аператара Аляксандра Баразенку міліцыянты адвезлі ў Пухавіцкі РАУС – нібыта праз пытанні, якія ўзніклі пры аглядзе ягонага аўтамабіля.

Аляксандр Баразенка, аператар:

«Якія падазрэнні можа выклікаць аўтамабіль, які набываўся новым, у афіцыйным аўтасалоне, я не разумею. Гэта ўсё прабіваецца літаральна цягам трох хвілінаў, гэта маглі зрабіць самі ДАІшнікі пры жаданні. Таму відавочна, што ў іх была мэта пратрымаць мяне некалькі гадзінаў, каб не даехаў».

Затрыманні ды арышты прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, які заявіў аб сваім намеры браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, працягваюцца ўжо некалькі дзён запар па ўсёй краіне. Агулам праз суды і пастарункі прайшлі ўжо некалькі дзясяткаў падпісантаў «Краіны для жыцця», у ізалятары застаюцца і нашыя калегі Міхаіл Аршынскі і Зміцер Лупач, якія асвятлялі сустрэчы з блогерам.

Віталь Бабін, «Белсат».