Дзяржсакратар ЗША прыляцеў у Маскву, каб дамовіцца аб Сірыі


Расея мусіць адмовіцца ад Башара аль-Асада і далучыцца да Захаду

Кіраўнік Дзярждэпу ЗША Рэкс Тылерсан прыбыў у Расею, каб перадаць супольнае пасланне «вялікай сямёркі» Крамлю. У Маскве сёння праходзіць сустрэча кіраўніка адміністрацыі Трампа з ягоным расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.

Перамовы прайшлі за зачыненымі дзвярыма

Сустрэча Тылерсана з Пуціным не была запланаваная загадзя, аднак існуюць шанцы, што яна адбудзецца. Упершыню не вядома загадзя, ці прыме кіраўнік Расеі новага дзяржсакратара. Усё сведчыць пра халаднейшыя дачыненні. Да таго ж сам Пуцін напярэдадні падкрэсліў, што ўзровень даверу ў стасунках паміж Расеяй і ЗША пры адміністрацыі прэзідэнта Доналда Трампа, цытата, «дэградаваў».

Вашынгтон працягвае сцвярджаць, што расейскія ўлады датычныя да ўтойвання наступстваў хімічнай атакі ў Ідлібе. Яны разам з Сірыяй, паведамляе Белы дом у рассакрэчаным дакладзе, спрабавалі ўвесці ў зман сусветную супольнасць, распаўсюджваючы ілжывыя заявы.

«Мы не выкарыстоўвалі хімічнай зброі ў Другой сусветнай вайне. Узяць нават такога пагарджанага чалавека, як Гітлер, – і той не апускаўся да хімічнай зброі. Калі вы Расея, то вам трэба спытаць сябе: няўжо Сірыя – гэта тая краіна і той рэжым, з якім вы хочаце быць разам?», – заявіў прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр.

Спайсэр прынёс прабачэнні за няўдалае параўнанне з Гітлерам

Выказванне выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў ЗША. Аднак пытанне ў дачыненні Расеі працягвае быць актуальным.

«Да нас бессэнсоўна ездзіць з ультыматумамі», – паведаміла перад прыездам Тылерсана ў Маскву афіцыйная прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава. Яна дадала, што лічыць усе заявы амерыканцаў «гульнёй цягліцамі» перад пачаткам перамоваў.

Рэзкіх заяваў не шкадуе і Доналд Трамп

«Шчыра кажучы, Пуцін падтрымлівае чалавека, які ёсць сапраўды злым чалавекам. Думаю, гэта вельмі дрэнна для Расеі, гэта вельмі дрэнна для чалавецтва. Але калі ты ўжываеш газ, ці бомбы, і ты кідаеш іх проста ў сярэдзіну натоўпу, то, шчыра кажучы, бачыць дзяцей без рук, без ног… Гэта жывёліна», – даводзіць прэзідэнт ЗША.

Крэмль у сваю чаргу заяўляе, што згодна з яго звесткамі, правакацыі з хімічнай зброяй рыхтуюцца ў іншых рэгіёнах Сірыі. А патрабаванні спыніць падтрыманне аль-Асада, са словаў расейскіх уладаў, абсурдныя і роўныя патрабаванням развязаць рукі тэрарыстам. Які будзе выбар Крамля – аль-Асад ці Захад – становіцца ўсё больш зразумела.

Маша Макарава, «Белсат», фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum