Дзве сотні берасцейцаў пратэставалі супраць акумулятарнага заводу

Берасцейцы больш не маўчаць! Замест кармлення галубоў у цэнтры Берасця прайшоў гучны пратэст супраць акумулятарнага заводу.

– Адміністрацыя Ленінскага раёну Берасця папярэджвае вас аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

– Ганьба!

На змену маўкліваму кармленню галубоў прыйшло гучнае абурэнне. Цягам больш як двух гадоў берасцейцы спадзяваліся, што ўлады паспрыяюць закрыццю бліз гораду заводу «АйПаўэр», што ў сваёй вытворчасці ўжывае свінец. Аднак днямі ад структурнай адзінкі Мінпрыроды прыйшла станоўчая ацэнка экалагічнай экспертызы прадпрыемства.

У Берасці сотні чалавек пратэставалі супраць акумулятарнага заводу

«Гэты варыянт застаецца: пераводзіць нашыя вось гэтыя маўклівыя акцыі ў нейкі іншы фармат, бо законныя метады ўсе вычарпаныя», – кажа праціўнік заводу Уладзімір Мароз.

«Пасля таго, як падпісаў Рачэўскі станоўчую экспертызу – усе ўжо зразумелі, што гэты завод будзе працаваць, не гледзячы на жаданне людзей, каб тут завод ніколі не існаваў. І Лемяшэўскага, і ўсю вось гэтую банду, якую Лукашэнка крышуе, у тым ліку, як і ён, проста яе трэба спыняць. І, калі мы, людзі, расходны матэрыял, значыць, мы ім не хочам быць. Таму мы будзе бароцца за сваю будучыню, за сваіх дзяцей», – мяркуе ўдзельніца пратэсту.

З адкрытай крытыкай уладаў удзельнікі акцыі – а іх сёння сабралася больш, за дзве сотні, – прайшліся па цэнтральных вуліцах Берасця. Абышлося без затрыманняў.

«Кажуць адно – робяць іншае. І людзі гэта зразумелі. Так што адбылося тое, што мелася адбыцца і тое, што рана ці позна будзе адбывацца па ўсёй краіне», – кажа блогер Аляксандр Кабанаў.

Грамадскай экспертызы акумулятарнага заводу берасцейцы гэтак і не дачакаліся, хаця правесці яе даручаў Аляксандр Лукашэнка. На дзяржаўную ж экспертызу

«АйПаўэр» перадаў праект з карэктывамі, дзе максімальную дапушчальную норму выкіду свінцу на год павялічылі з трох да 29-ці кілаграмаў.

«Усе паперы, па якіх «АйПаўэр» спрабаваў запусціць свой завод, яны ўсе падложныя. Ніякай праўды ў іх няма, ніякага закону ў іх няма. Але, наступіў той момант, калі ўлады, зразумеўшы, што па законе ў іх нічога не атрымаецца, вырашыла адкрыць завод па законе «нам так трэба», – лічыць удзельнік «Свінцовай варты» Алег Вялаў.

Пакуль праца акумулятарнага заводу пад Берасцем была пастаўлена на паўзу ў сувязі з выяўленымі там парушэннямі. Аднак пры атрыманні дазволу ад свабоднай эканамічнай зоны «Берасце», прадпрыемства бліжэйшым часам можа пачаць выпрабаванні свайго абсталявання.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама