Дзве гадзіны па лесвіцы. Жыхары 12-павярхоўкі засталіся без ліфтаў


Ці кожны з нас можа з лёгкасцю па некалькі разоў на дзень пяхотай падымацца на 12-ты паверх? А з калыскай ці цяжкімі торбамі? Як і не кожны жыхар аднаго з дамоў на сталічнай вуліцы Заслаўскай, дзе цяпер планава мяняюць ліфты. Чаму ж тады нельга скарыстацца дадатковым ліфтам?

У 12-ціпавярхоўцы не працуюць ліфты. Для адных гэта часовыя нязручнасці, для іншых – хатні палон. У доме нумар 25, што на вуліцы Заслаўскай, адбываецца планавая замена ліфтаў. Праектам прадугледжана, каб у такіх дамах у кожным пад’ездзе было два ліфты. Калі адзін мяняюць, другі застаецца ў рэзерве. Але ў 7-ым пад’ездзе такі ліфт раптам застаўся без сілкавання. Яшчэ шэраг пад’ездаў перабіваюцца з адным працоўным ліфтам.

«Ну куды я падымуся на дзясяты паверх з хворымі нагамі на 82-гім годзе жыцця?! Ну, а што рабіць? Пройдзеш, пастаіш, адпачнеш. Потым зноў… Ну, дзве гадзіны будзеш падымацца».

«Гэта добра, што дзіцёнак ужо вялікі, а калі з калыскай, то не ведаю нават. Цяпер жа яшчэ гэтыя ранішнікі».

«Ну як падняцца з санкамі ці з вазком на 12-ты паверх? Гэта ж немагчыма. Я нават не ведаю. Палову дня туды, палову – назад», – абураюцца жыхары.

Акурат у двары дому месціцца ЖЭС № 62 Цэнтральнага раёну сталіцы. Але пасля рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі звяртацца туды жыхарам не мае сэнсу.

«Нам можна толькі замовіць нейкія працы, напрыклад, уборку тэрыторыі, пад’ездаў ці яшчэ нешта. Мы выканаўцы толькі. Але заменай ліфтаў у тым доме мы не займаемся», – кажа Людміла Трухан, кіраўнік ЖЭС № 62.

За замену ліфтаў і рамонт адказвае ЖКГ Цэнтральнага раёну. Там атрымаць каментар не ўдалося. Тым часам трэці дзень рамонтнікі высвятляюць: чаму не паступае электраэнергія да ліфта.

«Шчыра сказаць не магу. Мы электрыку робім 3-4 дні. Ідзе планавая замена ліфтаў. Спадзяюся, што ўсё зробім у тэрмін», – тлумачыць рабочы.

Старых ліфтаў у сталіцы засталося мала. Яны былі зробленыя яшчэ ў савецкай Рызе. Некаторыя вычарпалі тэхнічны рэсурс. Але, нягледзячы на нетаварны выгляд, працуюць яны дагэтуль бесперабойна. Айчынныя магілёўскія ліфты такой якасці не маюць. Пасля іх замены пачынаецца перманентны рамонт абсталявання. І добра, калі ў пад’ездзе ёсць два ліфты.

Любоў Лунёва, belsat.eu