Дзікі і ваўкі загаспадарыліся на Пастаўшчыне


Жыхары памежных з Літвою вёсак на Пастаўшчыне пакутуюць ад нашэсця дзікіх жывёлаў. Звяры псуюць угоддзі і нападаюць на скаціну. Чым тлумачаць гэткія паводзіны насельнікаў лесу адмыслоўцы? І чаму мясцовыя ўлады не могуць не спяшаюцца з аблавай на іх?

Яшчэ ўвосень фермер Уладзімір Іванковіч старанна засеяў поле канюшынаю і цімафееўкай, каб сёлета скасіць траву на корм хатнім жывёлінам. Аднак ягоным планам перашкодзілі дзікі:

– Во, што яны робяць. І так гэта ўсе нашыя травы.

– Дык гэта ўвесну прыйдзецца што тут рабіць тады?

– Падсяваць наноў. Думаем з сынам, што тут рабіць з гэтым, будзем запытваць у спецыялістаў, агранома знаёмага, што тут можна зрабіць. Бо вельмі пашкоджана.

Разрыхленая зямля – не адзіная праблема жыхароў вёсак на Пастаўшчыне. З надыходам цемры мясцовыя баяцца выходзіць з хаты: карміцца ў паселішчы з лесу панадзіліся ваўкі. Ратаваць гаспадарку ад драпежнікаў даводзіцца сваймі сіламі. Жыхарка вёскі Шудаўцы Алеся Трусава:

«Летам каршуны, восенню лісы, цяпер ваўкі прыйшлі. Было-было і кончылася. Ноччу прыйшлі ваўкі, гусей ледз не паелі маіх, ну мы іх тут і забілі».

На памяці мясцовых гэткай актыўнасці дзікіх жывёлінаў не было даўно. Кацярына Іванковіч, жыхарка вёскі Лынтупы:

«Дык мы ж усё дзяцінства адхадзілі, пяць кіламетраў у школу, ніводнага звера не бачыла. Ніводнага. Ну кабаноў здалёк недзе бачыла, яны пад дубамі там жалуды збіралі, а так ніводнага не бачыла, а цяпер яны наўпрост у вёскі ідуць».

Візіты дзікіх звяроў да чалавека вяскоўцы звязваюць з павелічэннем іхнай папуляцыі. А таксама з тым, што вёскі сталі менш населеныя і жывёліны адваёўваюць страчаныя пазіцыі. Першую гіпотэзу абвяргае паляўнічы. Маўляў, нядаўняя афрыканская чума свіней моцна зменшыла колькасць дзікоў. Яраслаў Берніковіч, паляўнічы:

«Зразумела, што дзік будзе хадзіць па палях, па нейкіх кукурузнішчах, па бульбянішчах, там, дзе ёсць кармы. І таксама ж ваўкі будуць там, дзе іхнае тэрыторыя для палявання зноў жа на тых дзікоў».

Інспекцыя прыродных рэсурсаў Пастаўшчыны і Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету праблему прызнаюць, аднак пакуль да канца не ведаюць, як яе развязаць. Вёскі месцяцца паблізу літоўскае мяжы, дзе паляванне абмежаванае. Сяргей Захарэвіч, Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

«У памежнай зоне можна праводзіць паляванне, а ў памежнай паласе – не. Таму і фактар неспакою кабаноў меншы, і мяжа побач, звяры мігруюць як адтуль, гэтак і ў адваротным кірунку».

Паводле Сяргея Захарэвіча, міжраённая інспекцыя накіравала запыт аб дазволе адстрэлу дзікоў у вышэйшую інстанцыю. Рэгуляванне папуляцыі ваўкоў на кантролі ў паляўнічых.

Зміцер Лупач, «Белсат»