Дзень яднання Расеі і Беларусі


Лукашэнка і Пуцін абмяняліся віншавальнымі тэлеграмамі. Урачыстасці на самым высокім узроўні з нагоды Дня яднання народаў Расеі і Беларусі бакі адмянілі праз каронавірус. Але не адмянілі намеру далей будаваць саюзную дзяржаву. Лукашэнка ў тэлеграме адзначыў, што сёння Беларусь і Расея знаходзяцца ля парога новага аб‘яднальнага этапу. А што за гэтым парогам?

Ужо 24 гады як пасля Дня смеху наступае Дзень яднання народаў Расеі і Беларусі. Першага красавіка беларусы пасмяяцца не забываюць, а другога красавіка – не ўсім да смеху:

«Гэта нейкі жах, гэта ні да чаго добрага не прывядзе».

«Я думаю, што нічога добрага».

«Я не хачу пра гэта казаць, я крыху пабойваюся выказваць сваё меркаванне».

«Абʼядноўвацца ў плане ў адну дзяржаву – вядома, не».

«Незалежнасць – гэта ёсць незалежнасць, калі страціш, то вярнуць назад яе цяжка».

Ёсць і супрацьлеглыя меркаванні жыхароў беларускай сталіцы:

«Саюз заключаны. Я не раздзяляю беларускі і рускі народ, таму ўсё правільна».

«Славянскія нацыянальнасці павінныя абʼядноўвацца. Гэта ж казе зразумела».

«Трэба аб‘яднацца з Расеяй, таму што банальна нашае эканамічнае становішча палепшыцца».

Не самыя лепшыя эканамічныя часы перажывае цяпер Расея: абясцэньваецца расейскі рубель, на падтрыманне якога выдаткавалі ўжо $ 30 млрд – а гэта больш за гадавы бюджэт нашай краіны; абрынуліся кошты на нафту – адну з галоўных крыніцаў даходу Расеі, і чорнае золата няма каму збываць. Але што аднаму кепска – іншаму добра. Гэтак, прэм’ер Беларусі пахваліўся, што ў красавіку мы будзем купляць расейскую нафту ад чатырох долараў за барэль. Але неўзабаве Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі астудзіў запал беларускіх урадоўцаў:

«Калі будуць прапановы па такіх цэнах, значыць, можна будзе закупіць, але калі такіх часоў рынкавых не наступіць і нават калі наступяць, але будзе адсутнічаць прапанова, тады закупіць не ўдасца».

Хоць Расея і мае цяжкасці, але на значныя саступкі Беларусі можа не пайсці. Самыя ж беларускія ўлады не прымаюць патрэбных захадаў у цяперашніх форс-мажорных умовах.

«Можа настолькі праваліцца беларуская эканоміка і могуць пачацца такія кепскія працэсы, што між волі, як любіць казаць Лукашэнка, давядзецца на каленях паўзці ў Маскву. Ёсць небяспека, што будзе рымейк гэтай інтэграцыі, накінуць нам дарожныя карты, якія нясуць пагрозу беларускаму суверэнітэту», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

А гэта значыць, што напружаны беларуска-расейскі інтэграцыйны серыял працягнецца і ў наступных сезонах.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Фота: president.gov.by