Дзень народзінаў «Вікіпедыі» – падвойнае свята для беларусаў?


Роўна 19 гадоў таму быў створаны сайт «Вікіпедыя». З таго моманту кожны ахвотны можа хутка і бясплатна атрымаць інфармацыю на, бадай, любую тэму. А ў беларусаў свята падвойнае, бо мы маем адразу дзве беларускія «Вікіпедыі».

Калі б яна адзначала свой Дзень народзінаў, то ўзяць удзел у святкаванні маглі б жыхары ўсёй планеты. «Вікіпедыю» чытаюць людзі ва ўсіх кутках свету, бо раздзелы ў ёй напісаныя на трохстах мовах. «Вікіпедыю», якая налічвае больш за 40 мільёнаў артыкулаў, прызналі самаю поўнай энцыклапедыяй у гісторыі чалавецтва. Сайт «Вікіпедыі» – на 5 месцы ў свеце паводле наведвання.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Калі мне трэба знайсці адказ на пытанне, то найперш я звярнуся да «Вікіпедыі».

«Вікіпедыяй» карыстаюся дастаткова часта, раз на тры дні – дакладна».

«У «Google» найчасцей першая спасылка – гэта «Вікіпедыя», – кажуць жыхары Менску.

15 гадоў таму ў інтэрнэт-прасторы з’явілася беларуская «Вікіпедыя». За гэты час па-беларуску было напісана больш за 200 тыс. артыкулаў, але, паводле статыстыкі наведванняў, беларускай версіяй карыстаецца невялікі адсотак беларусаў:

«Пра беларускую «Вікіпедыю» я нават не ведаў да вашага пытання».

«У беларускую «Вікіпедыю» заходжу, каб пачытаць пра нейкіх дзеячаў, таму што там артыкулы лепшыя, чым у расейскай, па шмат якіх тэмах беларускіх».

«Я карыстаюся «Вікіпедыяй», але беларускай не карыстаюся. Бо не валодаю беларускаю моваю».

Тое, што беларусы аддаюць перавагу расейскамоўнай версіі «Вікіпедыі», пацвярджае і адзін з рэдактараў беларускай «Вікіпедыі», аўтар больш як тысячы артыкулаў пра Беларусь, паляк Томаш Бладынец:

«Большасць з іх карыстаецца расейскамоўнай «Вікіпедыяй», якая паказвае шмат рэчаў па гісторыі ці тоеснасці з расейскай кропкі гледжання. Таму калі беларусы могуць самі пра сябе распавесці, гэта моцна ўзмацняе іх разуменне, хто яны і адкуль яны».

Пакуль жа аповед у «Вікіпедыі» пра сябе ўзмацняе не толькі разуменне, але і супярэчнасці. Гэтак, літаральна праз 2 гады пасля ўзнікнення беларуская «Вікіпедыя» раздзялілася і цяпер існуе ў дзвюх версіях: адна – тарашкевіцай, другая – афіцыйным правапісам (наркамаўкай).

«Яны павінныя аб’яднацца. Не мае значэння ў цяперашняй сітуацыі, ці беларусы будуць карыстацца наркамаўкай ці тарашкевіцай, яны павінныя проста карыстацца беларускаю моваю, а калі ўжо большасць беларусаў будзе ёй карыстацца, тады можна думаць, ці гэта павінен быць мяккі знак ці не», – перакананы Томаш Бладынец.

Заўсёды думаць, карыстаючыся «Вікіпедыяй», заклікаюць і педагогі. Лёгкадасяжная энцыклапедыя, з аднаго боку, дапамагае, а з іншага – стварае праблему: навошта запамінаць, калі ў любы момант можна зірнуць патрэбную інфармацыю? Але і інфармацыя – не самае важнае для развіцця разумовых здольнасцяў.

«Не інфармацыя, а спосаб яе асэнсоўвання, абдумвання, крытычныя адносіны да гэтага, разуменне, хто напісаў і навошта напісаў», – кажа кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

Таму педагогі раяць не толькі чытаць інфармацыю, але перадусім умець яе выкарыстоўваць у розных відах дзейнасці.

Вольга Старасціна belsat.eu