Дзень народзінаў «Арт-Сядзібы»: амбітныя планы пра беларушчыну


Культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба» адзначае дзень народзінаў. Гэтым разам вырашылі адсвяткаваць у незвычайным фармаце – урачыстым канцэртам і прэміяй за галоўныя дасягненні ў справе беларушчыны.

«Арт Сядзібе» – 8 гадоў! За гэты час пляцоўка правяла дзясяткі культурніцкіх імпрэзаў, падтрымала процьму ініцыятываў і стала ледзь не найважнейшым месцам беларушчыны ў сталіцы. А адсвяткавала свае народзіны «Арт Сядзіба» урачыстым канцэртам.

Больш за паўтары сотні чалавек прыйшлі ў сталічны клуб «Бруге», не толькі каб паслухаць новых зорак беларускае сцэны, але і даведацца, якія ініцыятывы зрабілі найбольш значныя ўнёскі ў развіццё беларускае культуры.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Са сцэны з днём народзінаў «Арт Сядзібу» віншавалі музыкі. Напрыклад, пераможцы апошняга фестывалю «Басовішча» гурт «Luty Sakavik».

«Арт Сядзіба» – класная ініцыятыва, яна заўсёды штосьці свежае падкідвае ў культурную прастору. Таму класна, і мы рады, што нас запрасілі», – кажа вакаліст гурту «Luty Sakavik» Уладзь Лянкевіч.

Сярод дзеячаў, якія актыўна працавалі дзеля папулярызацыі беларускае мовы і культуры, арганізатары назвалі рэп-выканаўцу Zrabi. Ейныя трэкі ў YouTube збіраюць дзясяткі тысяч праглядаў.

«Я не ведала да апошняга на самой справе. Мяне запыталі, каб я спела сёння. І гэта было прыемна і стала нечаканасцю для мяне. Вельмі прыемна», – дзеліцца радасцю Zrabi.

Кіраўнік «Арт Сядзібы» Алесь Снег зазначае: мінулы год выдаўся для арганізацыі вельмі няпростым. Яны паспрабавалі новыя фарматы працы: між іншага, збіралі сродкі на дзейнасць пляцоўкі.

«Мы паездзілі па рэгіёнах з праектам «Беларускамоўныя», запусцілі свае падкасты, выдалі паштоўкі-размалёўкі з гісторыяй «Арт Сядзібы». Зрабілі вялікае свята роднай мовы ў кафэ «Грай», дзе было не прайсці, быў вялікі біток. Зрабілі вялікі «Idea Generation Camp», – распавядае Алесь Снег.

На наступны год – яшчэ больш амбітныя планы: зарганізаваць болей акцыяў ды імпрэзаў, але ўжо іншаю, больш маладою камандай. А тыя, хто прысвяціў дзейнасці «Арт Сядзібы» не адзін год, паспрабуюць сябе ў іншым рэчышчы: напрыклад, зоймуцца прадукцыяй беларускамоўнага відэа для YouTube.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu