Два тыдні шукаюць жаўнера, які знік з вайсковай часткі ў Печах. Што мяркуюць сваякі?


Другі тыдзень шукаюць жаўнера Аляксандра Неўмяржыцкага. Паводле афіцыйнай версіі, 19 сакавіка ён уцёк з вайсковага гарнізону ў Печах. Аднак, паводле сваякоў і знаёмых маладзёна, падставаў збягаць у яго не было. Імаверныя прычыны здарэння высвятляў Ян Вярбіцкі.

«Або яго скралі, або яго ўжо ў жывых няма».

У Грабянях, родным пасёлку Аляксандра Неўмяржыцкага, навіна аб збегу была як гром сярод яснага неба. Тамара, жыхарка Грабянёў:

«Мы ўсе ў шоку. Ужо як патэлефанавалі, што знік, – гэта ўвогуле жах».

Паводле суседзяў, Неўмяржыцкі захапляўся камп’ютарнымі тэхналогіямі яшчэ са школьных гадоў. Перад сходам да службы ён працаваў онлайн у сацыяльных сетках. Але пры гэтым быў фізічна развіты і ў крыўду сябе не даваў. Уладзімір, настаўнік Аляксандра пі фізіцы, распавядае:

«Здаровы хлопец быў. За сабе ён заўжды пастаіць. Ніхто яго ў школе не крыўдзіў, і, калі ён вучыўся, таксама ніхто не крыўдзіў».

За час службы Неўмяржыцкі двойчы быў удома ў звальненні, апошні раз 8 сакавіка. Нічога падазронага ягоныя сваякі не ўбачылі. І ў тое, што хлопец збег, не вераць. Сваячка Аляксандра Валянціна кажа:

«Яго не тут трэба шукаць, а там, на месцы. Мне чуецца, што там нешта здарылася. Там на месцы нешта здарылася. Я начамі таксама не сплю, я таксама перажываю за яго. Бо такога хлопца страціць для бабулі ды маці, – гэта не ў казцы казаць».

Турботу сваякоў Неўмяржыцкага можна зразумець – вайсковая частка ў Печах мае дурную славу. Самы гучны выпадак – гібель радавога тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў кастрычніку 2017 года. Тая справа вызвала шырокі рэзананс у грамадстве – давялося выказацца нават кіраўніку краіны:

«Ганьба войску, калі дзедаўшчына ў войску. Калі здзекуюцца з чалавека. Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Я міністру абароны, усім ім казаў пра гэта, што, крый Бог, будуць гэткія выпадкі».

Версія пра ўцёкі Неўмяржыцкага застаецца адзінаю афіцыйнай. Аднак аб прычынах верагоднага дэзерцірства следства, прынамсі афіцыйна, казаць не гатовае.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu