Дэталёвая інфармацыя пра COVID-19 у Беларусі адсутнічае

У Беларусі амаль 43 з паловаю тысячы заражаных каронавірусам. У спісе ахвяраў – 240 чалавек. Так гучыць афіцыйная статыстыка распаўсюду COVID-19. Аднак колькі канкрэтна хворых налічваецца ў тым ці іншым рэгіёне краіны, чыноўнікі ад Міністэрства аховы здароўя ўсцяж не паведамляюць.

Жыхарам Беларусі не даюць дэталёвай інфармацыі адносна распаўсюду COVID-19 па рэгіёнах, тым самым у краіне парушаюцца правы чалавека. З такім зваротам барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч звярнуўся ў Арганізацыю Аб‘яднаных Нацыяў.

«Калі б, скажам, барысаўцы дакладна ведалі эпідэмічную сітуацыю, магчыма іх паводзіны былі б крыху іншыя. Сітуацыя агулам па рэспубліцы даецца, але сітуацыя па раёнах можа быць рознай», – гаворыць барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, каронавірусам у нашай краіне заразіліся амаль 43 з паловаю тысячы, 240 чалавек памерлі. Новых выпадкаў інфекцыі за апошнія содні ў Беларусі зарэгістравалі 847. Гэта найменшы прырост з 5 траўня. Ці сочаць беларусы за лічбамі і як уплывае эпідэмія на іхнае жыццё? Кажуць жыхары Бабруйску:

«Супакоіліся трохі. Але ведаю, што хворых шмат, сёння іду наведваць сваіх».

«Многія, хто ездзілі ў Расею зарабляць, сем’і засталіся без заробку, межы закрытыя. У мяне муж працуе ў Расеі. І ён сюды да нас прыехаць не можа. Тры месяцы не бачыць дзіця».

«Сын захварэў, яму зрабілі аперацыю. Падчас гэтай пандэміі яго выпісалі з больніцы, таму што закрылі на ізаляцыю ўсіх там. Цяпер ён дома, трэба рабіць паўторную аперацыю планавую, і ніхто яго нідзе не бярэ».

Тым часам Жыровіцкі манастыр зняў каранцін, уведзены ў красавіку праз каронавірус. Пры гэтым наведнікаў заклікаюць для прафілактыкі заражэння захоўваць сацыяльнае дыстанцыяванне, асабістую гігіену і рэспіраторны этыкет.

Беларускія перавознікі часткова аднавілі аўтобусныя рэйсы ў Польшчу. З Менску і Горадні можна даехаць у Беласток, Варшаву і Гданьск. Пасажыры на мяжы павінныя быць у масках. Авіярэйсы паміж сталіцамі краінаў-суседак пакуль не плануюцца.

У той жа час польская авіякампанія «LOT» аднаўляе авіязносіны ўнутры краіны. Перспектывы міжнародных палётаў стануць больш акрэсленымі пасля 15 чэрвеня, калі Польшча пачне адкрываць межы. Авіяпасажыры кажуць:

«Спадзяюся, усё гэта хутка скончыцца і вернуцца нармальныя рэйсы».

«Дзень абароны дзяцей – раз на год, таму мы выправіліся на экскурсію з дзецьмі і не хвалюемся пра ўсё гэта».

У Арменіі каронавірусам заразіўся прэмʼер-міністр Нікол Пашыньян. Пра гэта ён абвесціў на старонцы ў «Фэйсбуку». Цяпер Пашыньян будзе працаваць з дому.

«У мяне не было сімптомаў. Але паколькі былі планы наведаць вайсковыя часткі, я вырашыў здаць тэст», – распавёў прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян.

У Расеі эпідэмія каронавіруса стала выклікам для працоўнага рынку. Пасля ўвядзення напрыканцы сакавіка рэжыму самаізаляцыі амаль 10 % расейцаў страцілі працу, у 40 % скараціўся заробак.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама