Дэпутаты парламенту возьмуцца за беларусізацыю адукацыі

Маці траіх дзяцей Тацяне Малашчанка з Баранавічаў давялося шмат пазмагацца за беларускамоўную адукацыю. Стварэнне класу, у якім дачка жанчыны магла б атрымаць навучанне не роднай мове, аказалася надзвычай складанае.

6 гадоў у чаканні беларускамоўнага класу

«Пытанне заглушылі і вырашылі толькі ў 6 класе. Мы прайшлі цяжкае ліставанне, прайшлі праз Міністэрства адукацыі. З другой чвэрці нам адкрылі клас», – узгадвае спадарыня Таццяна.

І гэта далёка не адзін такі прыклад. У гэткай сітуацыі пераважная большасць бацькоў, якія жадаюць, каб іхныя дзеці навучаліся на беларускай мове.

«Абыякавасць, а нават варожасць да беларускай мовы ў сённяшняй дзяржаўнай сістэме праяўляецца ў тым, што ствараюцца непераадольныя цяжкасці для бацькоў, у тым, што няма фінансавання, у тым, што дзяржава не шукае адпаведных кадраў», – звяртае ўвагу Павал Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

5 абласных цэнтраў – 0 беларускамоўных школаў

Такі падыход цягам дваццаці гадоў прынёс адпаведныя вынікі. Колькасць беларускамоўных навучэнцаў штогод змяншаецца. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі цалкам на роднай мове навучаецца толькі каля пятнаццаці адсоткаў дзяцей. У Менску (з насельніцтвам пад два мільёны) усяго пяць беларускамоўных гімназіяў. У іншых абласных гарадах няма ніводнай школы з адукацыяй на беларускай мове. У найлепшым выпадку працуе па адным ці два беларускамоўным класе.

«Зараз у Беларусі патрэбна як мінімум 2,5 % бюджэту выдаткоўваць толькі на культуру. На адукацыю яшчэ больш. Калі гэтыя фіксаваныя лічбы будуць – гэта будзе сведчанне запатрабаванасці, прыярытэтнасці беларускай мовы», – дадае Павал Севярынец.

Ці забяспечыць Палата Прадстаўнікоў права выбару?

Каб такое стала магчыма, эксперты круглага стала «Перспектывы падтрымання і развіцця беларускай мовы ў сістэме адукацыі» падрыхтавалі адмысловую рэзалюцыю. Сустрэча адбылася пры ўдзеле прадстаўнікоў аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім. Запрапанаваныя канкрэтныя крокі. Першы – права выбару для бацькоў.

«Каб бацькі, аддаючы сваё дзіцяці ў садочак або школу, пісалі адразу ў заяве мову навучання і каб гэта забяспечвалася. Па-другое, настаўнікі, якія будуць выкладаць прадметы на беларускай мове павінны атрымоўваць даплаты», – зазначыла дэпутатка.

Калі зʼявіцца новы закон аб адукацыі?

Усё гэта мусіць прадугледжваць адмысловы закон аб адукацыі, якога, на думку адмыслоўцаў, сёння востра не стае. Імаверна, яго распрацоўкаю зоймуцца ў Палаце прадстаўнікоў. Аднак колькі гэта можа заняць часу, пакуль прадбачыць цяжка. І ўсё ж шляхі развязання праблемаў будуць агучаныя дэпутатам – пераконвае Алена Анісім.

«Колькі часу гэта можа заняць? Я спадзяюся, што за мае чатыры гады мне ўдасца ўсё гэта зрабіць у гэтым накірунку», – дадала Алена.

А часу застаецца няшмат. Паводле ацэнак экспертаў ЮНЭСКО, беларуская мова ўжо аказалася ў спісе моваў, якім можа пагражаць знікненне.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама