Дэлегацыя Еўрапейскага парламенту адмовілася ад візіту ў Палату Прадстаўнікоў


Працягваецца візіт дэлегацыі прадстаўнікоў Еўрапейскага парламенту ў Беларусь. Сёння яны раптоўна адмовіліся ад сустрэчы з дэпутатамі беларускага парламенту, але сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі. Пра тое, што еўрапейскія парламентарыі адмянілі візіт у беларускую Палату прадстаўнікоў, стала вядома за 15 хвілінаў да сустрэчы. Паводле прадстаўніка еўрапейскай дэлегацыі Пятраса Аўштравічуса, адмянілі, бо Еўразвяз не прызнае беларускага парламенту.

«Пры адсутнасці свабодных выбараў, якія грунтуюцца на праве і свабодзе выбару, мы ня можам прызнаць Нацыянальны сход легітымным», – паведаміў ён.

Беларускі бок адрэагаваў:

«На жаль, сёння нашая працягнутая рука засталася пустой. Ну што ж, мы ў любым выпадку працягнем нашую адкрытую палітыку і будзем спадзявацца, што нашыя еўрапейскія партнёры зразумеюць значнасць і каштоўнасць такога падыходу», – сказаў прадстаўнік беларускага Парламенту Андрэй Савіных.

На ранейшых сустрэчах еўрапарламентароў з прадстаўнікамі беларускіх міністэрстваў абмяркоўвалі змены ў беларускую Канстытуцыю, праблемы хатняга гвалту, правы чалавека ды Астравецкую АЭС.

«Я б не сказаў, што ўражанні вельмі негатыўныя, але мне не хапае яснасці. Я думаю, што і грамадства разгубленае. З сацыяльна-эканамічнага гледзішча цяпер не самы лепшы час у Беларусі», – зазначыў Петрас Аўштравічус.

Важнасць візіту ў Беларусь еўрапейскіх дэпутатаў падкрэсліваюць прадстаўнікі апазіцыі, з якімі сустрэліся еўрапарламентары.

«Мы разлічваем, што будуць розныя пункты гледжання наконт пытанняў стасункаў Беларусі і Еўрапейскага Звязу, апошнія падзеі прымушаюць улады глядзець у бок Бруселю як на перспектыўны рынак», – зазначае Анатоль Лябедзька, старшыня цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Візіт дэлегацыі Еўрапейскага парламенту праходзіць з 24 да 28 лютага. Заўтра еўрапейскія дэпутаты накіруюцца ў Нясвіж і Мір, каб паглядзець, як Беларусь захоўвае сваю гістарычную спадчыну. Таксама яны наведаюць Горадню і памежны пункт КузніцаБрузгі.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»