«Сірыйскія дэбаты» ЗША ды Расеі на паседжанні Рады бяспекі ААН


Здавалася б, яшчэ не так даўно ў Маскве стоячы віталі абранне Доналда Трампа прэзідэнтам Злучаных Штатаў, але вайна ў Сірыі расставіла кропкі над і ў пытанні, ці знойдуць Трамп і Пуцін агульную мову.

Вашынгтон і Лондан адзінагалосна заявілі, што атака амерыканскіх вайскоўцаў на сірыйскую авіябазу цалкам апраўданая. Сірыйскі ўрад неаднаразова ўжываў хімічную зброю супраць цывільных асобаў, прагучала ў Радзе Бяспекі ААН.

«Расея дала Асаду ўсё, пра што ён мог марыць, у тым ліку вета ў Радзе Бяспекі ААН, тым самым кідаючы выклік іншым краінам, якія ўваходзяць у Раду. І што Расея атрымала за сваё падтрыманне? Асад ігнаруе заклікі Расеі прыпыніць агонь», – адзначыў сталы прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў ААН Мэтʼю Райкрафт.

Афіцыйная прадстаўніца Вашынгтону заявіла, што ўжыванне крылатых ракетаў – узважаны крок ейнае краіны. На думку ЗША, Расея перашкаджае калектыўным дзеянням ААН, таму амерыканская адміністрацыя пастанавіла атакаваць вайсковую базу ў Сірыі самастойна.

«Кожны раз, калі Асад пераступаў лінію чалавечае годнасці, Расея стаяла побач з ім. Мы спадзяваліся, што Рада Бяспекі прасунецца наперад, але Расея кожны раз выкарыстоўвала сваё права вета, тым самым абараняючы рэжым Асада. Расея мусіла вывезці з Сірыі ўсю хімічную зброю, але, відавочна, гэтага не адбылося», – выказала меркаванне амбасадрка ЗША ў ААН Нікі Гэйл.

Да палітычнага ўрэгулявання вайны ў Сірыі заклікала канцлер Нямеччыны.

«Вынікі ўжывання хімічнае зброі, якія мы бачылі, – гэта вельмі страшна. Мы і міжнародная супольнасць мусім тэрмінова паспрабаваць знайсці палітычнае развязанне», – заявіла Ангела Мэркель.

Яшчэ напярэдадні ў Маскве даволі нервова адрэагавалі на атаку амерыканскіх вайскоўцаў. Прэмʼер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўдар ЗША па базе ў Сірыі – на мяжы баявых сутыкненняў з Расеяй. У Радзе Бяспекі ААН ацэнкі былі больш стрыманыя.

Вось што заявіў амбасадар Расеі ў ААН Уладзімір Сафранкоў:

«Мы заклікаем ЗША неадкладна прыпыніць агрэсію і далучыцца да тых намаганняў, якія прадпрымаюцца для палітычнага ўрэгулявання ў Сірыі дзеля супольнае барацьбы з тэрарыстычнаю пагрозаю».

У аўторак у выніку ўжывання хімічнае зброі ў сірыйскай правінцыі Ідліб загінулі больш за 70 асобаў, сярод іх дзеці. Паводле звестак амерыканскай выведкі, удар наносілі самалёты, якія выляталі з вайсковай базы Шайрат. Менавіта па ёй у пятніцу амерыканцы выпусцілі 59 крылатых ракетаў.

Глядзіце таксама:

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu