Дапамога дзяржавы прадпрымальнікам будзе мізэрнай


Эфект мераў для падтрымання бізнесу будзе вельмі абмежаваны ў сувязі з мізэрнай сумай, выдзеленай для гэтага, а таксама праз недапрацаванасць гэтых захадаў.

Узровень трывожнасці беларусаў з прычыны каронавіруса нарастае, паведамляе Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў. Амаль штодзень у краіне рэгіструюць новыя выбухі інфекцыі. Заражэнне выхаванцаў Веснаўскага дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, што ў Глускім раёне, улады ўжо пацвердзілі.

Дабраўся каронавірус і да Чэрвеня. Вось што распавялі «Белсату» жыхары гораду:

«Мы не баімся, але маску надзяваем».«Лепш хай улады кажуць так, як ёсць. Нечага саромецца, усе ўсё ведаюць, лепш асцерагацца».

«Страшна. Я сама тады націраюся шкіпінарнай маззю. Таблеткі п’ю».

«Гэта дзіцячы дом-інтэрнат. Але ёсць жа яшчэ і дарослы – там таксама хіба хворыя ёсць».

Паводле розных звестак, каронавірус выявілі ў некалькіх дзясяткаў асобаў – выхаванцаў і працаўнікоў Чэрвеньскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў.

«На дадзены момант усіх заражаных, у каго ёсць плюсы, размеркавалі па медычных установах», – распавяла нам дзяжурная доктарка.

Дазнаўшыся пра гэтыя выпадкі, валанцёры сабралі праз сацыяльныя сеткі дапамогу для інтэрнату.

«Нават не маючы дакладнай інфармацыі, ёсць дзесьці заражаныя, няма іх, мы лагічна ведаем, што не сёння, дык заўтра яны могуць быць. І гэтыя людзі вельмі моцна могуць ад гэтага пацярпець. Мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі мы шмат каго згубім», – распавядае валанцёрка ініцыятывы «Ёсць справа» Вольга Дамінікевіч.

Пакуль жа медыкі ды валанцёры працягваюць змагацца за жыцці людзей, улады прапануюць развязанне для бізнесу – пры дапамозе апублікаванага сёння ўказу № 143. Сярод захадаў – падатковыя канікулы падчас пандэміі, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні ды адтэрмінаванне арэнднай платы. Усяго дзеля падтрымання дробнага бізнесу ўлады меліся вылучыць Br 110 млн.

«Захады для падтрымання малога і сярэдняга бізнесу ёсць у гэтым дакуменце, але іх эфект будзе вельмі абмежаваны. Па-першае, у сувязі з мізэрнай сумай, выдзеленай для гэтага, а па-другое, у сувязі з недапрацаванасцю гэтых захадаў», – сцвярджае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

А вось улады Баранавічаў увялі дадатковыя захады, каб не дапусціць далейшага распаўсюду каронавіруса: да 28 красавіка на ўездах у горад дзяжураць экіпажы ДАІ з медыкамі, якія спраўджваюць у людзей тэмпературу.

Тым часам у Міністэрстве адукацыі ўсё ж абяцаюць атэставаць усіх вучняў, нават калі ў чацвёртай чвэрці школьнік не прыйдзе ні на адзін занятак. Сёння (дарэчы, у працоўную суботу), паведамляе «Наша ніва», за парты селі толькі 30 % навучэнцаў.

Віталь Бабін, «Белсат»