«Дапамагаць – гэта шляхетна». У Беларусі адзначаюць Дзень медычнага работніка

Здаўна лекаванне лічыцца адной з найбольш паважаных прафесіяў. Медыкам мы давяраем самае дарагое – нашае здароўе. Наколькі важныя гэтыя людзі, стала зразумела цяпер, падчас пандэміі каронавіруса.

Міхась Хасіневіч – студэнт трэцяга курсу факультэту лячэбнай медыцыны Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Спецыяльнасць абіраў асэнсавана.

«Прываблівае мяне ў спецыяльнасці тое, што гэта заўсёды можна прымяніць на сабе і на сваіх блізкіх. Заўсёды спатрэбіцца. Другое, што заўсёды будзе праца. Ты будзеш заўсёды патрэбен, і гэта асабліва цяпер відаць, падчас пандэміі. Трэцяе, што работа не сумная, увесь час нешта адбываецца, нейкі экшн», – распавядае студэнт-медык Міхась Хасіневіч.

Цяпер дактары трапілі на перадавую барацьбы з небяспечным вірусам. Беларусь стала лідарам у смяротнасці медыкаў, апярэдзіўшы Італію і Злучаныя Штаты Амерыкі. З чатырнаццаці памерлых медработнікаў, пра якіх цяпер вядома, у адзінаццаці быў пацверджаны станоўчы мазок на COVID-19. Мінаховы здароўя не лічыць патрэбным даваць канкрэтную інфармацыю аб смерцях медработнікаў.

«Вось дзеля чаго вы ў мяне гэта пытаецеся, каб я вам сказала, што ён памёр ад гэтага? Я не буду называць лічбу. Нашыя медычныя работнікі гэтую лічбу ведаюць», – заявіла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Неадназначнай застаецца сітуацыя і з фінансавым падтрыманнем медычнага персаналу. У пятніцу старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы з часткай ініцыятыўнай групы Святланай Ціханоўскай заявіла, што медыкі ведалі пра заробкі, ідучы ў медуніверсітэт. Некаторыя абурыліся ў сацсетках.

«А ішла я, паважаныя, у медыцыну ратаваць людзей. Я верыла, што калі ты будзеш шмат вучыцца і добра працаваць, гэта калі-небудзь ацэняць і абавязкова заўважаць», – напісала ў сваім Instagram фельчарка хуткай дапамогі Тамара Фаміна.

На дапамогу медыкам прыйшла валанцёрская ініцыятыва #BYCOVID19. За тры месяцы яна паставіла амаль 430 тысяч сродкаў абароны і больш за 1400 адзінак апаратуры ў больніцы па ўсёй краіне.

«Сімбіёз бізнесу і грамадскасці вельмі ўдала спрацаваў у гэтай канкрэтнай кампаніі. Таксама трэба адзначыць, што калі б не было камунікацыі і кааперацыі з першым сектарам, з уладай, то таксама б нічога не атрымалася. Бо маглі б забараніць прымаць – і на гэтым усё, на гэтым усё скончылася б», – кажа каардынатар праекту #BYCOVID19 Андрэй Стрыжак.

Дапамагаюць старэйшым калегам і студэнты-медыкі. Паводле Міхася Хасіневіча, шмат хто з ягоных аднагрупнікаў цяпер працуе ў больніцах санітарамі і медсёстрамі.

«Па-першае, гэта ўсё ж такі шляхетна. Па-другое, хвалявацца больш даводзіцца пра сваіх бацькоў, пра сваіх дзядуляў і бабуль. А ты, як малады чалавек, не настолькі адкрыты гэтай рызыцы», – падкрэслівае Міхась Хасіневіч.

З кожным годам колькасць медыкаў павялічваецца. У 2017 годзе ў краіне налічвалася 42 тысячы дактароў, якія практыкуюць, а ў 2018 – 42,5 тысячы. Колькасць сярэдняга медычнага персаналу вырасла са 126,3 тысяч амаль да 127 тысячаў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат».

Глядзі таксама