Да чаго прывядзе анамальная спёка


Трапічная спёка абрынулася на Еўропу. Асабліва горача цяпер на поўдні і ў цэнтры нашае часткі свету. Месцамі паветра награваецца ледзь не да 50 градусаў.

«Кожныя паўгадзіны я пʼю паўлітра вады. Мы ўвесь час абліваемся вадой, паветра ў нас душнае. Гэта вельмі цяжка для хворых і для астматыкаў», – кажа селянін з Сербіі.

«Калі ёсць цень, то нічога, але знаходзіцца на сонцы – проста невыносна», – адзначае турыст, які прыехаў у Іспанію.

Метэаролагі дзесяці краінаў, у тым ліку нашае суседкі Польшчы, абвесцілі чырвоны ўзровень небяспекі. Між тым на гэтым тыдні спёка прыйшла таксама і ў Беларусь. Але тут надворʼе мае быць куды больш лагоднае, да + 30-ці з дажджамі.

«Чуў, што ў Еўропе наагул 50 градусаў. У нас яшчэ больш-менш», – дзеліцца сваім меркаваннем малады мянчук.

Іншая жыхарка сталіцы кажа:

«Мы атрымліваем асалоду ад гэтых гарачых дзён, якія цяпер ідуць. Спадзяемся, што лета працягнецца хаця б яшчэ пару тыдняў».

Навукоўцы ж сцвярджаюць, што анамальнае надворʼе можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Гэтак, пры цяперашняй дынаміцы да канца стагоддзя стыхія зможа забіраць больш за 150 тыс. жыццяў еўрапейцаў штогод. Такі несуцяшальны прагноз апублікаваў Абʼяднаны даследчы цэнтр Еўракамісіі.

Летась сусветныя лідары падпісалі Парыжскае пагадненне, якое абавязвае краіны скараціць выкіды парніковых газаў і тым самым мінімізаваць уздзеянне чалавека на глабальнае пацяпленне. Тым часам Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвесціў, што згодна з пастановаю Доналда Трампа Амерыка пачынае працэс выхаду з дамовы.

Дзярждэпартамент ЗША патлумачыў, што Амерыка гатовая вярнуцца да пагаднення, але на адмысловых умовах, якія б адпавядалі яе нацыянальным інтарэсам. А ці мусіць Беларусь больш заангажавацца ў ахову наваколля?

«Абавязкова, трэба скарачаць гэтыя выкіды. Гэта адназначна ўплывае на наш клімат», – заўважае жыхарка Менску.

Яшчэ адзін мянчук кажа, што варта ўжываць новыя тэхналогіі, адкрыць новыя прадпрыемствы і зачыняць старыя.

Станам на ліпень Парыжскае пагадненне ратыфікавалі 158 краінаў. Беларусь зрабіла гэта яшчэ ў верасні мінулага года. Але ёсць адная агаворка: пагадненне не прадугледжвае ніякай юрыдычнай адказнасці за невыкананне пастаўленых мэтаў, таму ўзнікае пытанне пра яго эфектыўнасць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu