Cярод чыноўнікаў – кадравы голад. «Не ўсе хочуць быць прыстасаванцамі ў сістэме»


Амаль чвэрць стагоддзя Аляксандр Лукашэнка змагаецца з карупцыяй, а хабарнікі і злоўжывальнікі ўсё роўна прабіраюцца ў кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў. У Менгарвыканкаме пасля апошняй чысткі ад карупцыянераў стала не хапаць чыноўнікаў. Як у такіх умовах дае рады новы кіраўнік сталіцы, распавядзе Вольга Чайчыц.

4 з 9 раёнаў сталіцы не маюць кіраўнікоў. Гэтак, на мінулым тыдні звольнілі кіраўнікоў Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў. У сваю чаргу начальнікі Фрунзенскага і Заводскага раёнаў пайшлі на павышэнне і сталі намеснікамі старшыні Менгарвыканкаму.

«Нічога не зменіцца»

«Гэтак заўсёды атрымліваецца, кагосьці мяняюць месцамі, але ніякага выніку няма»

«Робіцца нейкая праца, каб было бачна, што штосьці адбываецца. Штосьці робіцца».

«Увогуле, я лічу, што калі кіраўніка змяняць кожныя два гады, а тое і часцей, яны не паспяваюць нават зразумець праблемаў гораду», – кажуць жыхары гораду.

Задачу разабрацца з гарадскою вертыкаллю паставіў 2 месяцы таму Аляксандр Лукашэнка перад старшынём Менгарвыканкаму Анатолем Сіваком у час ягонага прызначэння:

«Вельмі цябе прашу, звярні ўвагу на тую карупцыю, якая сёння бытуе ў горадзе ў цэлым, усё ж упраўленчая вертыкаль у горадзе агромністая. Нават стаялі пытанні скараціць колькасць адміністрацыяў у горадзе. А вось мазгі ўставіць кіраўнікам адміністрацыяў і тым невялікім чыноўнікам, якія там ёсць, гэта трэба. Думаю, што шмат з кім у гарвыканкаме табе давядзецца развітацца».

Самому Сіваку летась у красавіку таксама пагражала адстаўка. За бяздзеянне ў змаганні з усё той жа гідрай карупцыі. У выніку лепшага кандыдата на пасаду кіраўніка Менску не знайшлі і ледзь не звольненаму за карупцыю чыноўніку паставілі празрыстую палітычную мэту.

«Самае галоўнае ў нас з табой і ўва ўсёй вертыкалі ўлады – парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Я гэтага ніколі не хаваў, гэта экзамен, які мы будзем усе здаваць. Мы не будзем даўлець над народам і прасоўваць нейкую адну кандыдатуру. Мы павінныя падысці да выбараў так, каб у галовах людзей альтэрнатывы не было», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

На карупцыю сярод чыноўнікаў у канцы года на нарадзе ў прэзідэнта звяртаў увагу і кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Галоўны чэкіст заявіў, што адзін з дзейных кіраўнікоў раёнаў знахабіўся так, што кожны чацвер бясплатна атрымлівае прадукты з крамы. Праўда, каментаваць, хто гэты чыноўнік і што з ім зрабілі, у ведамстве адмаўляюцца. Віктар Карняенка, АГП:

«Ёсць кадравы голад. Не ўсе хочуць быць прыстасаванцамі ў гэтай сістэме. Па другое, умовы працы вельмі складаныя. Невядома, калі ткнецца ў грудзі гэты палец. І не вельмі хочацца, і толькі тыя ідуць на гэтыя пасады, у каго няма выбару. Гэтак з карупцыяй барацьба не вядзецца, гэта гульні ў бюракратыю і пошук «ахвярных козлікаў», які ні да якога выніку не прывядзе».

Барацьба з карупцыяй ды пошук ворагаў – былі асноўнымі пасыламі, з якімі кіраўнік Беларусі прыйшоў да ўлады. Заявы аб праведзенай у гэтым кірунку сур’ёзнай працы гучалі перад кожнымі выбарамі прэзідэнта.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu