Чыноўнікі паабяцалі. Жыхары 5 гадоў чакаюць рамонту дарогаў


Вуліца Камарова зусім не вялікая, на ёй усяго каля 20-ці дамоў. Палова дарогі ўяўляе сабою даволі круты ўхіл. Штогод дарогу пасыпаюць жвірам, дажджавая вада змывае жвіровае пакрыццё, і на ім утвараюцца вялікія вымоіны, небяспечныя для аўтатранспарту. Апошнія дні ідуць зацяжныя восеньскія дажджы.

Дарога пакрысе ператвараецца ў паласу перашкодаў.

У 2012-м годзе з мясцовай газеты жыхары даведаліся, што вуліца Камарова трапіла ў трэцюю чаргу на асфальтаванне, разам з вуліцаю Міхайлаўскаю, Каралёва, Суворава ды іншымі. Тэрмінаў не прызначылі. У 2013-ым з райвыканкаму адказалі, што грошай на асфальтаванне вуліцы Камарова на той год не прадугледзелі. Не знайшліся сродкі і ў наступныя гады. А з 2015-га жыхароў стала цікавіць, на што ідзе дарожны падатак, які бяруць з уладальнікаў транспартавых сродкаў.

«Дык я ж плачу! А дзе мае грошы дзяюцца? Дык не адзін жа ж я плачу, увесь раён плоціць. А дзе гэтыя грошы дзяюцца, куды яны сыходзяць? На якія мэты?», – абураецца жыхар Глыбокага Мікалай Вагера.

Старшыня райвыканкаму адмовіўся размаўляць з нашым тэлеканалам

Відавочна, што пакуль сродкі ад дарожнага падатку не былі скіраваныя на асфальтаванне вуліцы Камарова і суседніх. Згодна ж сацыяльнаму стандарту ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, колькасць вуліцаў з удасканаленым пакрыццём мусіць быць не менш за 60 %.

«Сацыяльны стандарт па асфальтаванаму пакрыццю па горадзе Глыбокае выконваецца», – цвердзіць Галіна Унуковіч з Глыбоцкага раённага савету дэпутатаў.

А гэта значыць, што без змены закону і стандартаў добраўпарадкавання гарадоў, жыхары вуліцы Камарова могуць бясконца чакаць, пакуль на іхнай вуліцы з’явіцца асфальтавае пакрыццё.

Таццяна Белашова, «Белсат»