Чыноўнікі моцна павялічылі сабе заробкі

У росце заробкаў дзяржаўныя службоўцы ў Беларусі апярэдзілі ўсіх. У тым ліку IT-сектар і банкаўскую галіну. Цягам года рэальныя заробкі чыноўнікаў выраслі на 30 %.

Бо Лукашэнка загадаў!

Паднялі заробкі сабе – і гэтак выканалі пажаданне кіраўніка краіны да канца года выйсці на сярэднія $ 500.

«Гэта тая гульня, якую Лукашэнка вядзе са сваім апаратам і на жаль ён прайграе, прайграе нашая краіна. Чыноўнікі не думаюць пра тое, каб палепшыць якасць паслугаў, каб зрабіць варункі, каб эканоміка расла хутка і доўга, а проста выконваюць фармальныя паказнікі і атрымліваюць прэміяльныя за выкананне Дзяржплану на год», – даводзіць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Летась чыноўнікі ў сярэднім зараблялі менш за Br 800

Цяпер амаль Br 1100. Сярэдні заробак у краіне ў мінулым месяцы склаў Br 823, але на яго ўплывае акурат рост заробкаў тых, хто працуе ў дзяржустановах.

«Чаму Лукашэнка вымушаны плаціць чыноўнікам больш? Таму што дзякуючы чыноўніку, ён ва ўладзе. Менавіта гэтыя людзі агітуюць за яго і забяспечваюць яму лічбы ў часе так званага галасавання», – тлумачыць палітык Анатоль Лябедзька.

Для чыноўнікаў існуе шэраг дадатковых бонусаў

Ільготнае крэдытаванне ці, напрыклад, атрыманне па-за рынкавымі коштамі зямлі ў тых жа самых Драздах. Апошняя гучная гісторыя звязаная з кіраўніцаю Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай, якая атрымала ўчастак на 15 сотак праз распараджэнне Менгарвыканкаму. Рынкавы кошт нерухомасці тут пачынаецца ад $ 700 тыс.

Для параўнання, цягам года, рост заробкаў у бюджэтнікаў склаў крыху больш за 1,5 %.

Віцэ-прэм’ер Калінін, выступаючы сёння перад дэпутатамі, заявіў, што далей заробкі будуць павялічваць толькі праз вытворчасць працы. Паводле Калініна выходзіць, што вытворчасць працы ў «Белтэлекаме» ці «Белнафтахіме» ніжэйшая за вытворчасць працы ва ўрадзе ці райвыканкамах.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: BelTa / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама