Чым Лукашэнку не задавальняюць школы?


Ужо два дні запар Лукашэнка разважае пра адукацыю. Учора – на сустрэчы з найлепшымі вучнямі краіны – казаў пра тое, што вучыцца трэба шмат. Сёння – на галоўнай ялінцы – працягнуў думку, зазначыўшы, што жыццё стала значна складанейшым, а таму і сістэму адукацыі трэба… спрасціць.

2018 кіраўнік дзяржавы называе «самым сур’ёзным у плане адукацыі»

Між тым за мінулыя 23 гады, што краінаю кіруе Лукашэнка, з першага да выпускнога класу навучанне прайшлі прынамсі 10 школьных выпускаў. Але зарганізаваць навучальны працэс гэтак, каб ён цалкам задавальняў кіраўніка, чыноўнікі ад адукацыі чамусьці не здолелі.

«Таму што каб зрабіць сучаснай адукацыю, трэба найперш павыганяць са школаў БРСМ, піянераў, ідэолагаў; знізіць уладу вертыкалі, якая перашкаджае адукацыі развівацца», – упэўненая Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы.

За апошнія дзесяцігоддзі ў краіне мяняліся школьныя праграмы, падручнікі, сістэма адзнак і працягласць навучання. А сёлета памяняўся нават час пачатку заняткаў.

Вось толькі Лукашэнка па-ранейшаму не задаволены

Апошні год за адукацыю ў нашай краіне адказваў камуніст Ігар Карпенка, прызначаны летась у снежні. Ён спрабаваў змагацца з рэпетытарамі ды абяцаў рэформы: між іншага, замяніць выпускныя іспыты ў школах агульным тэстам, а таксама павялічыць колькасць ПТВ ды нават скасаваць гімназіі. Але далей за прапановы справа пакуль не прасунулася.

Дарэчы, рэфармаваць Лукашэнка збіраецца і сістэму вышэйшай адукацыі. Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.

Сцяпан Святлоў, «Белсат», фота: readbookz.com