Чарнобыльцы ў Беларусі ды Украіне адчуваюць сябе забытымі

Сусветная слава брытанскага міні-серыялу пра Чарнобыль ажывіла грамадскі інтарэс да тэмы аварыі 1986-га года і закінутых праз радыяцыю паселішчаў. Калі б не каранцін, Чарнобыльскі радыяцыйны запаведнік ва Украіне сёлета наведалі б дзвесце тысяч турыстаў.

Аднак закрытыя межы спынілі плынь гасцей, а сама зона каторыя содні цярпіць ад пажараў, якія ўжо знішчылі 5 адсоткаў запаведніку. У 34-ую гадавіну аварыі мы паразмаўлялі з тымі, хто не можа пахваліцца выключнай увагаю дзяржавы ды турыстаў – ліквідатарамі наступстваў аварыі па абодва бакі беларуска-ўкраінскай мяжы.

Сяргей Іконнікаў – былы вайсковец з Віцебску і ліквідатар наступстваў чарнобыльскай аварыі. Хаця ліквідатараў як катэгорыі ў Беларусі няма: восем гадоў таму чарнобыльцаў, якія ратавалі свет, але не пацярпелі ад прамянёвай хваробы, прыраўнялі да звычайных пацярпелых, пазбавіўшы большасці ільготаў і пашаны.

Сёння спадар Сяргей збірае подпісы за вяртанне заслужанага статусу: «Мы не пацярпелыя, мы па загадзе вышэйшых вайсковых органаў былі накіраваныя на ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І мы выконвалі загад. Як вось людзей накіроўвалі ў Афганістан, у чужую дзяржаву, выконваць інтэрнацыянальны доўг, а нас на сваёй тэрыторыі накіравалі выконваць абавязак».

Аўтобус праязджае каля новага саркафага, які пабудаваны над 4-ым рэактарам Чарнобыльскай АЭС. Украіна, 20 красавіка, 2018 г. Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

За сем сотняў кіламетраў ад Сяргея Іконнікава, у вёсцы Маскаленкі на Чаркашчыне, аварыю на ЧАЭС згадваюць нашыя ўкраінскія героі. Калі выбухнуў рэактар, салдату ўнутраных войскаў Сяргею Івіну было ўсяго 19. 26-га красавіка ягоны ўзвод накіравалі ў Прыпяць. Ужо тады ўразіла штучная пустэча ў горадзе, а яшчэ – свавольства чыноўнікаў.

«Заязджаючы ў Прыпяць, мы ўбачылі два аўтобусы, — распавядае спадар Сяргей. — Мы здзівіліся, як яны маглі праехаць у забароненую зону. Пад’ехаўшы, мы высветлілі, што нейкі чыноўнік ім даў дазвол забраць асабістыя рэчы. Як можна было дадумацца аддаць забрудненыя рэчы, каб іх развезлі па ўсім Савецкім Саюзе?»

Сёння Сяргей Івін працуе на ўласнай гаспадарцы. Маёр запасу, у 2014-ым ён рыхтаваў байцоў да ўдзелу ў АТА на Данбасе. З уласнага досведу ведае, як няроўна дзеліць дзяржава дапамогу розным ветэранам.

«Удзельнікі ўзброеных канфліктаў атрымліваюць нашмат большую дапамогу, чым удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС. Калі б я быў інвалідам першай групы, я б атрымліваў больш. Але ж я чалавек здаровы, толькі другая катэгорыя», — кажа Івін.

Васіль Якавенка загадвае гаспадаркай у школе. Ліквідаваць наступствы аварыі яго заклікалі праз год пасля выбуху. Дапамогу ад дзяржавы называе вартаю смеху – ільготы на праезд у грамадскім транспарце ў вёсцы неактуальныя, дапамога на аздараўленне складае прыблізна 15 долараў за год.

«Цяпер мы баласт для дзяржавы, — разважае Якавенка. — Значная частка чарнобыльцаў – людзі свядомыя. Яны крытычна ставяцца да ўлады, іх немагчыма зарганізаваць, як пенсіянераў, за якою-небудзь палітычнаю сілай або лідарам».

У працах, звязаных з ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай аварыі, за ўвесь час пасля катастрофы былІ занятыя 600 тысячаў чалавек. У выніку аварыі на 4-ым рэактары атамнай электрастанцыі ў атмасферу трапілі адзінАццаць тонаў ядравага паліва, а 8 з паловаю мільёнаў жыхароў Беларусі, Украіны ды Расеі атрымалі значныя дозы выпраменьвання.

Адэля Дубавец, «Белсат»

Фота вокладкі: Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

Глядзі таксама