Чарга ў прэзідэнты. Хто хоча кінуць выклік Лукашэнку?

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» распачынаюць працэдуру назірання за хадой прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У традыцыйную практыку назірання свае ўнёскі зрабіла і пандэмія каронавіруса: першую прэсавую канферэнцыю заснавальнікі ініцыятывы правялі ў онлайн-фармаце.

Праваабаронцы ставяць задачу пракантраляваць захаванне правоў усіх удзельнікаў выбарнай кампаніі: як заяўнікаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду, так і выбарнікаў. І таксама адзначаюць: правы і першых і другіх былі парушаныя ў першы ж дзень кампаніі.

«Адзначылася масавым пераследам грамадскіх актывістаў, якія выказвалі свой мірны пратэст – больш за сто чалавек было затрымана. І самае прыкрае, што затрымлівалі людзей, якія не прымалі ўдзелу ў гэтых акцыях і не выказвалі сваёй грамадзянскай пазіцыі, але выконвалі ролю або журналістаў, або назіральнікаў», – сведчыць праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч.

Праваабаронцы таксама заяўляюць пра парушэнне правоў Сяргея Ціханоўскага, затрыманага падчас згаданых мірных вулічных акцыяў. Цяпер блогера пазбаўляюць магчымасці зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Пра прэзідэнцкія амбіцыі заяўляе і іншы блогер – Павел Спірын, аўтар фільму «Айчым», прысвечанага Аляксандру Лукашэнку.

«У маю ініцыятыўную групу хочуць увайсці і дырэктары школаў, і завучы, лекары раённых шпіталяў, у тым ліку ў Менску. Проста ўсе абсалютна хочуць перамен», – кажа Павел Спірын.

Экс-міліцыянт, фермер, бізнесвумен, былы сябра камуністычнай партыі, IT-шнік і апазіцыянер – такі пералік прэтэндэнтаў гатовых пазмагацца за прэзідэнцкі фатэль. Сярод іншых – і Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

«Я лічу, што ўсе мае дзеянні і ў Палаце прадстаўнікоў, і цяпер сведчаць, што я ніякі не спарынг-партнёр і ні ў якім разе не спойлер. Я адзіная, хто дазваляе сабе сёння казаць, што ў нас у Беларусі – дыктатура», – заяўляе Ганна Канапацкая.

Пра сваё жаданне ўдзельнічаць у выбарах заявіў таксама былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Цяпер у ягонай ініцыятыўнай групе – 500 чалавек. Але Бабарыка запісаў і відэазварот, у якім заклікаў далучыцца таксама іншых людзей, каб павялічыць сваю каманду да ста пяцідзесяці тысяч удзельнікаў.

«Я ўсведамляю, што акрамя бар’ераў, усталяваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, існуе выключна чалавечы бар’ер, а менавіта – эпідэміялагічная сітуацыя з каронавірусам. Дык вось: 150 тысяч чальцоў ініцыятыўнай групы – гэта вырашэнне праблемы. Нікуды не трэба ісці, і мы з вамі атрымаем альтэрнатыўныя выбары», – сцвярджае Віктар Бабарыка.

Пра намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнта на сёння заявілі каля двух дзясяткаў чалавек. Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў для збору подпісаў завяршаецца паслязаўтра – у пятніцу, 15-га траўня.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама