Чаму Захад не заўважае палітвязняў у Беларусі


Які можа быць дыялог з тым, хто трымае палітычных вязняў? Да ўдзельнікаў «Менскага дыялогу» з патрабаваннем не замоўчваць праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі звярнуўся форум «Свабоду палітвязням». Паводле актывістаў, умовай дыялогу з уладамі Беларусі мае быць вызваленне ўсіх вязняў сумлення.

Ніякіх поціскаў рукі, пакуль ёсць палітзняволеныя. У Менску адбылося паседжанне форуму «Свабоду палітвязням». Грамадскія дзеячы, палітыкі і некаторыя праваабаронцы абураныя правядзеннем «Менскага дыялогу» на фоне актыўнага палітычнага пераследу.

«Менскі дыялог» адбываецца ў сітуацыі, калі ў Беларусі 9 палітычных вязняў, і яшчэ два чалавекі – Комліч і Фядыніч – чакаюць крымінальнай справы да сямі гадоў», – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Улады ж не вядуць ніякае гаворкі пра вызваленне палітвязняў, як гэта было раней, калі Захад ставіў гэта як умову пацяплення дачыненняў. Замест гэтага ціск на зняволеных толькі ўзмацняецца.

«Мы бачым, што ідзе ціск на Аватарава, на Валавіка, на іншых людзей, якія сядзяць у нас у турмах. А з чым гэта звязана? Яны пастаянна трапляюць у ШЫЗА, лісты не даходзяць, няма дапамогі, сувязі з блізкімі родзічамі», – адзначае праваабаронца Алег Волчак.

Удзельнікі форуму раскрытыкавалі пазіцыю «Вясны» і Беларускага Хельсінкскага камітэту, якія прызнаюць наяўнасць у Беларусі толькі двух палітзняволеных.

«Калі зараз мы не будзем падымаць тэмы палітычных вязняў, у тым ліку на «Менскім дыялогу», то, вядома, гэта будзе спрыяць легітымацыі пераследу людзей з палітычных матываў», – кажа Васіль Завадскі з сацыяльна-інфармацыйнай установы «Таймакт».

«Гэта людзі, якіх нельга назваць непрафесіяналамі, безумоўна, бачны нейкі намер. Магчыма, існуе нейкая сувязь, вось дамоўленасцяў Еўрапейскага Звязу, нашых уладаў, гэтай часткі арганізацыяў», – кажа Юры Валчок.

На фоне правядзення «Менскага дыялогу» дзяржаўныя тэлеканалы хваляцца еўрапейскімі грантамі, якія атрымае дзяржава.

«Еўразвяз гатовы вылучыць Беларусі каля 120 мільёнаў еўраў у выглядзе тэхнічных грантаў. Менск атрымаў доступ да фондаў па рэалізацыі праектаў транспамежнае супрацы з Польшчаю, Украінай і краінамі Балтыі. Памер яго 283 мільёны еўраў», – паведамляе канал АНТ.

Тое, што афіцыйны Менск цікавяць перадусім грошы, не навіна. Пытанне ў іншым: чаму заходнія чыноўнікі гатовыя ісці насустрач Лукашэнку?

Зміцер Бандарэнка з «Еўрапейскай Беларусі» ўпэўнены: «Менскі дыялог» – нішто іншае, як чарговая спроба адбяліць Лукашэнку і знайсці фінансы.

«Гэтая канферэнцыя нагадвае вегетарыянскую канферэнцыю, прабачце, на бойні. Аналогія прымальная, бо пра які дыялог можна казаць у дыктатарскай краіне, дзе ўсіх ініцыятараў дыялогу і палітычных канкурэнтаў Лукашэнка ці забіваў, ці адпраўляў на доўгія тэрміны ў турму», – кажа ён.

Літаральна ўчора, покуль у гатэлі «Мэр’ёт» наладжвалі «Менскі дыялог», у судзе Першамайскага раёну сталіцы каралі штрафамі Галіну Лагацкую і Наталлю Басалыгу. За акцыю салідарнасці з палітвязнямі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»