Чаму юрысты называюць збор з дармаедаў незаконным і раяць змагацца з падаткам?


«Лісты шчасця» прыходзяць адзін за адным. Два тыдні таму «Белсат» распавёў гісторыю хворай на анкалогію жыхаркі Берасцейшчыны Святланы Велясевіч. Дзяржава залічыла яе ў дармаеды, хоць жанчына вядзе хатнюю гаспадарку.

Жыхар Магілёўшчыны Мікалай Канаплянікаў трапіў у дармаеды, бо не можа знайсці працы.

Не жывеш у Беларусі, але ўсё роўна заплаці

І новы прыклад. Берасцеец Арцём быў вельмі здзіўлены, калі ў паштовай скрыні знайшоў паведамленне пра спагнанне збору на дзяржаўныя выдаткі. Увесь 2015 год маладзён быў за межамі Беларусі.

«Калі я звярнуўся ў падатковую з просьбаю паведаміць, якія неабходна прадставіць дакументы, мне далі вялікі спіс дакументаў (каля 20), якія нерэальна сабраць. Яны далі зразумець, што прасцей будзе аплаціць», – узгадвае Арцём.

Адметна, што ў ранейшых размовах з «Белсатам» чыноўнікі запэўнівалі: усе не згодныя са спагнаннем могуць данесці неабходныя дакументы, а пастановы будуць перагледжаныя. Аднак на практыцы ўсё выглядае інакш.

«Я не лічу, што абавязаны плаціць дзяржаве тую суму. Мяне тут не было. Я не карыстаўся медыцынаю, адукацыяй ці нейкімі іншымі паслугамі», – даводзіць Арцём.

Каб дапамагчы такім людзям, берасцейскія актывісты зладзілі адмысловы круглы стол

«Гэта важна не толькі для Берасця – гэта важна для ўсёй краіны. Дармаеды, да якіх дзяржава залічыла вялікую групу людзей насамрэч імі не зʼяўляюцца», – упэўнены арганізатар Яўген Скрабутан.

Што рабіць у сітуацыі, калі вы атрымалі «ліст шчасця»?

На гэтае пытанне спрабавалі адказаць прысутныя на сустрэчы юрысты.

«Шляхі два: плаціць або не плаціць. Калі чалавек лічыць сябе абавязаным, можа заплаціць. Калі не, не ў якім выпадку не пакідаць падатак без увагі, але згодна з палажэннямі дэкрэту абскардзіць патрабаванне», – зазначыў юрыст Сяргей Магонаў.

Дзеянне дэкрэту № 3, афіцыйная назва якога «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», працягвае абураць беларусаў. У спіс дармаедаў трапляюць маладыя маці, асобы, якія працуюць за межамі краіны, а нават памерлыя. Найбольш балюча дакумент ударыў па беспрацоўных. Дзяржава налічыла каля чатырохсот тысяч асобаў, якія не фінансуюць выдаткаў дзяржавы. У той жа час на адно працоўнае месца прыходзіцца ў Беларусі нават дваццаць гэтак званых дармаедаў. Дэкрэт называюць нялюдскім, а найперш неканстытуцыйным.

«Вельмі здзіўляе, што гэты плацеж ён не ўключаны ў падатковы кодэкс, але завецца зборам на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Гэта ставіць пад пытанне яго законнасць», – кажа Сяргей Магонаў.

А дапамагаць людзям у цяжкай сітуацыі дзяржава не збіраецца

На круглы стол у Берасці былі запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады. Аднак абмеркаваць праблему дзеяння ўказу з грамадзянамі чыноўнікі адмовіліся.

Ян Бабіцкі, «Белсат»