Чаму ў Віцебску загінуў 16-гадовы раварыст, і як не паўтарыць трагедыю?


Трагічная навіна прыйшла з Віцебску. Днямі там загінуў раварыст, які разбіўся на пляцоўцы для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. 16-гадовы хлопец зачапіўся за рампу і ўпаў. Тыдзень за яго жыццё змагаліся дактары, аднак выратаваць не змаглі.

«Экстрэмальны від спорту мае на ўвазе, што гэта небяспечна. І прызначана для заняткаў на спецыяльным абсталяванні. На спецыяльных веласіпедах, скейтах ці на чым яшчэ. Там жа прыехаў дзяцёнак на звычайным горным ровары, які не разлічаны на гэта. І ён не ведаў, што гэта небяспечна. Ну як, можа і ведаў, але не разлічваў, што можа ўпасці», – кажа Андрэй Кутасевіч, ВМХ-райдар.

Як перадухіліць такія выпадкі? Адказваюць жыхары Віцебску:

«Паставіць каго-небудзь, каб наглядаў за дзецьмі, каб не было падобных сітуацыяў».

«Зрабілі б секцыі якія-небудзь, каб былі настаўнікі, якія б даглядалі і паказвалі, якія трукі там можна рабіць ужо, а якія нельга».

«Калі ўжо адкрылі такое месца – і гэта вельмі добра для дзяцей, – трэба тады казаць аб тым, што яны мусяць адзяваць абарону».

Пытанне і ў агульным падыходзе. Добры веласіпед для экстрэмальнага спорту – ВМХ – каштуе каля 700 долараў. Плюс неабходна выдаткаваць грошы на абарону для галавы, рук і ног. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі дазволіць сабе можа далёка не кожны.

Вось так, без неабходнай экіпіроўкі і на непрыстасаваных для экстрэмальнага спорту сродках, ездзяць дзеці на адмысловых пляцоўках. Здавалася б, трэба радавацца, што не сядзяць удома за камп’ютарам. Аднак у любым занятку, асабліва звязаным з экстрымам і рызыкаю, тэхніка бяспекі – часта вызначальны фактар.

Паводле дасведчанага ВМХ-райдара Андрэя Кутасевіча, няшчасныя выпадкі могуць здарацца проста праз неразуменне моладдзю, для чаго прызначаная пляцоўка, і з якою небяспекаю яны могуць сутыкнуцца. Адпаведна, непадрыхтаванасць і залішняя самаўпэўненасць могуць прывесці да бяды.

«Калі бачыш, колькі людзей ездзіць у тым жа парку, што ў Менску, то адсоткаў 30 людзей туды прыязджаюць на тых жа горніках, самакатах звычайных, што не прызначаныя для гэтага. Яны не глядзяць гэтыя відэа, яны прыязджаюць толькі таму, што ведаюць: ёсць такая пляцоўка. І ім проста цікава паездзіць па горачках. То бок яны не ведаюць, што там можна ўпасці, і што можна рабіць, і што нельга», – распавядае Андрэй Кутасевіч, ВМХ-райдар.

Паводле Андрэя Кутасевіча, справа палягае на неабходнасці папулярызаваць спорт сярод насельніцтва і тлумачыць правілы паводзінаў ды бяспекі. Асабліва актуальным гэта робіцца на фоне ўлучэння язды на веласіпедах ВМХ і скейтбордынгу ў праграму Алімпійскіх гульняў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu