Чаму ў Расеі забаранілі беларускае малако?


Чарговы этап малочнай вайны паміж Расеяй і Беларуссю пачаўся нечакана. Яшчэ 15 траўня пасля адмысловых перамоваў на пляцоўцы расейскага Міністэрства сельскай гаспадаркі бакі паведамілі, што дайшлі да неабходных пагадненняў. Аднак цягам трох наступных дзён прагучалі чарговыя прэтэнзіі, цяпер уведзеныя новыя санкцыі.

Што стаіць за канфліктам? Якасць прадукцыі ці палітыка?

«Расейскія вытворцы пачалі самі прадукаваць больш малака. Яны пачалі лабіяваць свае інтарэсы ў расейскім Саўміне. Па-другое, мы не ствараем столькі малака, колькі прадаем у Расею. Гэта непакоіць расейскае кіраўніцтва», – мяркуе былы бізнесовец Сяргей Скрабец.

Афіцыйна «Рассельгаснагляд» мае прэтэнзіі да якасці

У прыватнасці, гаворыцца пра наяўнасць у малаку шкодных для спажывання рэчываў. На гэтай падставе Расея часова абмежавала імпарт з шасці беларускіх прадпрыемстваў. У чорны спіс трапілі, між іншага, Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, Маладзечанскі малочны камбінат і малочная кампанія «Наваградскія дары». Расейскі бок таксама заявіў, што парушэнні з боку беларускіх пастаўляльнікаў даўно сталі тэндэнцыяй.

«Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду выказвае занепакоенасць працягам выяўлення выпадкаў паступлення ў Расею з Беларусі прадуктаў жывёльнага паходжання з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнага саюзу ды Расейскай Федэрацыі, што апошнім часам маюць сістэматычны характар», – паведамілі ў Рассельгаснаглядзе.

Харчовая вайна паміж Расеяй і Беларуссю цягнецца гадамі

Сёлета ў красавіку «Рассельгаснагляд» паведаміў, што толькі за першыя тры месяцы 2017 года забракавалі больш за 15 000 партыяў харчоў абʼёмам больш за 300 тонаў. Таксама ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расеі заявілі, што Беларусь стала самаю буйною перавалачнаю базай забароненых вырабаў. Пад відам беларускай прадукцыі на расейскую тэрыторыю рээкспартуюць санкцыйныя харчы (у тым і малочныя), між іншага, з Еўразвязу і Украіны.

«Трэба пераўзброіць беларускую малочную прамысловасць, пастаўляць малако ў тых абʼёмах, якіх мы яго прадукуем, а не закупляць еўрапейскае і іншае таннае пратэрмінаванае малако, перапакоўваць яго ў нашых лагістычных цэнтрах і прадаваць у Расею», – раіць спадар Скрабец.

Ці ёсць у апошніх кроках «Рассельгаснагляду» палітычны корань?

Абмежаванні ўвялі неўзабаве пасля візіту Лукашэнкі ў Кітай. Адметна, што ў Пекіне не адбылася сустрэча кіраўніка Беларусі з Пуціным сам-насам. Частка назіральнікаў выказвала меркаванні, што беларускі кіраўнік шукае ў Пекіне новых, альтэрнатыўных Расеі хаўруснікаў. Аднак паводле іншых экспертаў гучныя заявы і цёплы прыём – гэта гульня напаказ.

«Ацэнкі Сусветнага банку, міжнароднага валютнага фонду яны звязваюць развіццё Беларусі з дапамогаю Расеі. Калі пачаўся чарговы крызіс у дачыненнях Масквы і Менску, выявілася, што Захад ставіцца да гэтага адмоўна. Захад мае досвед Украіны, калі трэба было яе падтрымаць», – тлумачыць расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Адначасова з візітам у Пекін атрымала працяг прапагандысцкая вайна

13-га траўня Расейскі тэлеканал НТВ выпусціў чарговую частку гумарыстычнай праграмы «Міжнародная піларама». Вядоўца брудна высмеяў беларускую гуманітарную дапамогу Украіне, у тым харчовую.

«Давайце павіншуем Беларусь. Яна нарэшце знайшла некага бяднейшага за сябе», – жартаваў вядоўца.

Гэтыя словы ў Беларусі смеху не выклікалі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Stanislav Krasilnikov / ITAR-TASS / Forum