Амаль 6000 подпісаў супраць імавернай русіфікацыі польскіх школаў былі сабраныя за няпоўныя 2 месяцы. Акцыю ініцыяваў незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі. Бацькі польскамоўных навучэнцаў гэтым разам звярнуліся да кіраўніка краіны.
Беларускі парламент ужо ў ліпені можа прыняць праект паправак у Кодэкс аб адукацыі. Паводле іх, у школах, дзе навучанне вядзецца на мовах нацыянальных меншасцяў, будзе пяць прадметаў, якія мусяць абавязкова выкладацца на адной з дзяржаўных моваў Беларусі – па-беларуску або па-расейску. Гаворка пра ўрокі па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, геаграфіі, а таксама заняткі па прадметах «чалавек і свет» ды «грамадазнаўства». Да таго ж выпускныя іспыты трэба будзе здаваць таксама на дзяржаўных мовах.
«Калі папраўкі зацвердзяць, школы з польскай моваю навучання ўжо не будуць з польскай мовай навучання, а з расейскай. Гэта нас занепакоіла. Гэта занепакоіла перш за ўсё бацькоў», – дзеліцца Анджэліка Борыс, старшыня непрызнанага Саюзу палякаў.
Бацькоў непакоіць і тое, што некаторым навучэнцам цяпер іспыты давядзецца здаваць на мове, якая раней не была моваю навучання. Сёлета яны скіравалі зварот у Міністэрства адукацыі з патрабаваннем адмовіцца ад планаваных зменаў. У мінулым месяцы чыноўнікі далі адмоўны адказ, у якім патлумачылі, што прычына новаўвядзення – гэта нізкі ўзровень навучання ў польскіх школах. Прадстаўнікі ведамства таксама мяркуюць, што выкладанне некаторых прадметаў на дзяржаўных мовах спрыяе сацыялізацыі дзяцей. З такою пазіцыяй не згаджаюцца прадстаўнікі польскае меншасці.
«Гэта пярэчыць не толькі дзейнаму заканадаўству, але і дамоўленасці, якая была падпісаная летась у ліпені паміж урадам Польшчы і Беларусі», – звяртае ўвагу Тадэвуш Гавін, ганаровы старшыня непрызнанага Саюзу палякаў.
Змяніць Кодэкс аб адукацыі не на карысць нацыянальных меншасцяў улады спрабуюць не першы раз. У першыню такія планы былі агучаныя тры гады таму. Тады бацькі польскамоўных вучняў з Горадні і Ваўкавыску сабралі больш за 1500 подпісаў супраць зменаў. Пасля гэтага іх рэалізацыю замарозілі. Цяпер прадстаўнікі непрызнанага Саюзу палякаў у Беларусі таксама чакаюць станоўчага развязання.
«Мы чуем як беларускія ўлады дэкларуюць жаданне супрацы з Польшчаю. Я мяркую, што было б добрым знакам, калі б парламент не ўвёў гэтыя папраўкі ў кодэкс», – кажа спадарыня Борыс.
Канчаткова будзе пастанаўляць не парламент, а справа польскай мовы можа мець палітычны корань. Зрэшты, і самым беларусам нялёгка. За права навучаць сваіх дзяцей у Беларусі на роднай мове ім даводзіцца даслоўна змагацца.
Ян Бабіцкі, «Белсат»