Чаму ў Беларусі складана быць журналістам?


Сёння – Сусветны дзень свабоды прэсы. Ён адзначаецца з 1994-га года з ініцыятывы генеральнай асамблеі ААН. Сёлета гэты дзень праходзіць пад дэвізам «Крытычны розум у крытычны час: роля медыяў у прасоўванні мірнага, справядлівага і інклюзіўнага грамадства».

Для Беларусі праблема вольнасці медыяў каторы год застаецца надзвычай актуальная: у рэйтынгах свабоды прэсы нашая краіна займае вельмі нізкія пазіцыі.

Свет кажа – чорнае, Ананіч – белае

Рэйтынг «Рэпарцёраў без межаў» змяшчае Беларусь на 153-ае месца са 180 краінаў, а «Freedom House» – на 175-тае з 200. Пры гэтым міністр інфармацыі краіны Лідзія Ананіч лічыць, што заканадаўства ў галіне медыяў у краіне вельмі дакладнае.

«Лічу што ў Беларусі канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманне поўнай інфармацыі цалкам выконваецца», – рапартуе міністр.

Затрыманні, пагрозы, штрафы, турмы…

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку года працаўнікі медыяў больш за 130 разоў траплялі пад пераслед за прафесійную дзейнасць. Журналістаў затрымлівалі, перашкаджалі даехаць да месца падзеяў, прысуджалі штрафы і арыштоўвалі.

Пад асаблівым ціскам аказаўся «Белсат»

У сакавіку ў менскіх офісах тэлеканалу прайшлі ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі, якую не вярнулі дагэтуль.

Цярпяць і журналісты, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам

Ларысу Шчыракову выклікалі на камісію і пагражалі забраць сына. Яўген Меркіс за асвятленне акцыяў пратэсту мае штрафаў агулам ужо на 70 базавых велічыняў.

Аператару Аляксандру Баразенку прысудзілі 15 содняў арышту за нецэнзурную лаянку, нягледзячы на наяўнасць відэазапісу, які сведчыў адваротнае. У дзень свабоды прэсы пад арыштам перабывае берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін. А Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі чакаюць чарговага суда.

«Гэта звычайнае судзілішча, судзяць мяне бандыты за тое што я распавядаю праўду людзям што адбываецца насамрэч у краіне і хто вінаваты, таму мяне пераследуюць», – упэўнены Кастусь.

Каб распавесці праўду, не абавязкова мець журналісцкае пасведчанне, часам дастаткова смартфона. А, як адзначыў у прамове да дня свабоды прэсы генсек ААН Антонію Гутэрыш, словы і вобразы могуць змяніць свет.

Можа, гэтага і баяцца ўлады?

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Антон Селіцкі