Чаму ФК БАТЭ не стаў чэмпіёнам?

Упершыню за 13 гадоў у Беларусі змяніўся футбольны чэмпіён. Лаўры БАТЭ перайшлі да берасцейскага «Дынама» – ужо за тур да афіцыйнага заканчэння чэмпіянату. Дасюль бела-блакітныя ўсяго толькі раз падымаліся на п’едэстал. Сцяпан Святлоў падрабязней.

Перамога берасцейскага «Дынама»! І ў матчы з «Віцебскам», і ў Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. 13-гадовае дамінаванне БАТЭ скончылася. Нічыёй або перамогі нават з мінімальным лікам берасцейцам было дастаткова, каб зрабіцца першымі. І гэтак сталася. 1:0. Пераможны гол – на рахунку Аляксея Хабленкі.

«Гульня вельмі складаная, эмацыйная, нервовая. Чэмпіёнская гульня, можна сказаць. Бо кожны адчувае напал» – рэзюміраваў ён.

Дарэчы, галоўны трэнер берасцейцаў, чэх Марцэл Лічка, упершыню за сваю карʼеру прывёў дружыну да залатой узнагароды. Але ўсе феерверкі з канфеці, шампанскае і кубак на стадыёне былі падрыхтаваныя загадзя. Гэта першы ў гісторыі каманды з гораду над Бугам трафей чэмпіёна Беларусі. Клуб двойчы здабываў суперкубак краіны, тройчы – кубак. Але ж у чэмпіянаце – толькі аднойчы падымаліся на пʼедэстал: у 92-м занялі трэцяе месца. Барысаўскі ж БАТЭ браў чэмпіёнскі кубак ажно 15 разоў. Адную з галоўных роляў у перамозе берасцейцаў сыграла павелічэнне фінансавання ды леташняя змена трэнера, кажуць спартовыя адмыслоўцы.

«Хаця, канечне, досведу больш у БАТЭ, але берасцейскае «Дынама» пастаянна развіваецца, гульцоў добрых набывае, таму ў БАТЭ і зʼявіўся канкурэнт. Таму і правал» – кажа журналіст «Прессбола» Сяргей Южык.

У беларускім футболе нарэшце зʼявілася інтрыга. «Берасце» раптам апынулася па-над схваткаю заўсёдных лідараў чэмпіянату: БАТЭ, «Шахцёра» і менскага «Дынама» – ды адзінаасобна рэпрэзентуе нашую краіну ў наступных гульнях Лігі чэмпіёнаў УЕФА.

Сяргей Южык: «Вядома, у берасцейскага «Дынама» няма досведу ў еўракубках, але большасць гульцоў, якія цяпер у складзе, у еўракубках гулялі за іншыя клубы, таму ім застанецца толькі ўзгадаць тыя адчуванні ды пазбавіцца ад нашай гэтак званай абыякавасці, таму што ў нас ва ўнутраным чэмпіянаце каманды часам гуляюць з больш гарачым сэрцам, чымся ў Еўракубках».

За тур да заканчэння айчыннага чэмпіянату ўжо вядомая тройка лідараў. На другім месцы – БАТЭ, яны з лікам 3:0 перагулялі менскае «Дынама». Сталічныя ў выніку будуць чацвёртымі ў табліцы, а вось трэцяе месца забяспечыў сабе салігорскі «Шахцёр», адарваўшыся ад менчукоў ажно на 12 пунктаў. Пакідаюць Найвышэйшую лігу «Гомель» ды менскае «Тарпеда», якое знялося з чэмпіянату праз фінансавыя цяжкасці. Навічкі лігі – бабруйская «Белшына» ды «Смалявічы».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама