Чаму дабрачынная арганізацыя перайшла на металічны посуд?


Да 170 штодня – такую колькасць абедаў бесхацінцам і маламаёмным раздае грамадская арганізацыя «Водгук» («Отклик») у Менску. Гарачае харчаванне, асабліва неабходнае ўзімку, бесхацінцы пачалі атрымоўваць у экалагічна чыстым – металічным посудзе.

Захаваць здароўе, зберагчы прыроду і ашчадзіць сродкі бяздомнікам і іх апекунам з дабрачыннай арганізацыі дапамагае Цэнтр экалагічных ініцыятыў: эколагі перадалі «Водгуку» металічныя сталовыя прыборы на 220 асобаў. Гэтакім чынам тут змагаюцца за здароўе, экалогію і дабрабыт.

Валерый Еранкевіч – заўсёдны шэф-кухар грамадскай арганізацыі «Водгук», якая раздае дабрачынныя абеды менскім бесхацінцам і маламаёмным пенсіянерам. Экалагічна чысты посуд ацанілі з першай хвіліны, і перадусім – у зручнасці карыстання:

«Які цуд, як добра наліваць – не тое, што раней: наліваю ў гэты аднаразовы посуд, а ён увесь гнецца і зморшчваецца. Думаеш, як данесці чалавеку», – распавядае Валерый Еранкевіч.

Металічны посуд адначасна на 220 карыстальнікаў пункту дабрачыннай раздачы харчавання ахвяраваў Цэнтр экалагічных рашэнняў. Мэта – прапаганда здаровага ладу жыцця і абарона прыроды ад экалагічна небяспечных пластыкавых вырабаў.

«Усе праблемы – і сацыяльныя і экалагічныя – вельмі звязаныя. Немагчыма вырашаць экалагічныя пытанні і быць абыякавымі да сацыяльных», – кажа Марыя Сума, актывістка Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Разам з металічным посудам ахвярадаўцы перадалі «Водгуку» таксама пасудамыечную машыну. А гэта дапамагае развязваць пытанні не толькі экалогіі, але і эканоміі, што асабліва значна для дабрачыннай ініцыятывы.

«Знятая праблема смецця, бо ў нас жа ўтылізацыі няма: мы збіраем пластыкавы посуд і выносім у смеццевыя бакі. Пастаянна – кажу з досведу – 250–260 рублёў штомесяц я выкідаю ў смеццевую скрыню», – працягвае Валеры Еранкевіч.

З надыходам халадоў лік бесхацінцаў і маламаёмных, якія прыходзяць па дабрачынныя абеды, павялічваецца ўдвая, і цяпер тут харчуюцца ад 120–170 чалавек. Таму любую дапамогу ў пункце харчавання прымаюць з падзякаю да кожнага ахвяравальніка.

«Дапамагаюць хто чым можа: хто кілаграм мукі прынясе, хто кілаграм цукру. Так, з Божай дапамогай па нітачцы – і кашуля», – кажа валанцёр Арцём Аляксееў.

Пункт раздачы дабрачынных абедаў у Менску працуе больш за 10 гадоў. Колькасць сталых наведнікаў за гэты час толькі павялічылася.

Галіна Абакунчык belsat.eu