Чаму беларускім уладам не да спадобы вулічнае мастацтва?

Якім мае быць сапраўднае мастацтва? І хто, урэшце, мае права гэта вызначаць? Цэлы шэраг пытанняў замест цвёрдай кропкі ўзняў адзін тэлефонны званок з адміністрацыі Ленінскага раёну сталіцы. На патрабаванне гарадскіх чыноўнікаў, а затым і пад іхным пільным наглядам, са сцяны аднаго з будынкаў на вуліцы Кастрычніцкай у Менску быў зняты стрыт-арт, прысвечаны Святлане Алексіевіч.

Пустэча была, і пустэча вярнулася. Яшчэ напярэдадні тут, побач з культурнай прасторай «ОК16», дзе ў гэты ж дзень адбывалася прэзентацыя пяцікніжжа Святланы Алексіевіч, упершыню перакладзенага ў беларускую мову, з’явілася інсталяцыя, прысвечаная нобэлеўскай лаўрэатцы па літаратуры. Што цікава, знакамітую пісьменніцу можна было не толькі назіраць, але і… слухаць праз схаваны ў інсталяцыі дынамік.

Аднак ужо ўвечары таго ж дня арт-аб’ект быў дэмантаваны на патрабаванне ўладаў: маўляў, будынак ёсць гістарычна-культурнай каштоўнасцю, а аўтары не парупіліся пра ўзгадненне сваёй інсталяцыі.

«З гарадской адміністрацыяй, у прынцыпе, не было калі дамаўляцца, таму яна была знятая. Але яна з’явіцца ў новым месцы. Гэта нармальная гісторыя ўсялякай працы, якая рухаецца, яна сустракаецца з нейкімі перашкодамі, змяняецца. Гэта ўзаемадзеянне, гэта жыццё», – кажа стрыт-арт мастак Buzinato.

Зрэшты, узгадняць стрыт-арт – гэта прынамсі дзіўна, падкрэслівае шматгадовы даследнік гэтага мастацтва Максім Швед. І дадае: першасны сэнс усялякага стрыт-арту – гэта правакацыя. Ну які можа быць дазвол на яе?

«Можна прыгадаць «сцяну Шчоткінай» – гэта нелегальная сцяна, на якой з’яўляліся нелегальныя надпісы, стрыт-арт, плакаты, налепкі, і якая ў нейкі момант нават была генератарам кантэнту. То бок яна рэзанавала, і, дзякуючы ёй шмат якія навіны рабіліся больш цікавымі. Таму тое, што адбылося са стрыт-артам на Кастрычніцкай, – можна сказаць, што гэта яго лёс, і, у прынцыпе, яно так і мусіла быць», – кажа рэжысёр-дакументаліст Максім Швед.

Тым часам, нягледзячы на часовасць жанру, аўтар інсталяцыі з Алексіевіч спадзяецца на яе новае жыццё – магчыма, нават на гэтым сама месцы, калі ўлады дазволяць.

«Пакрокава гэтая ёсць працэдура – узгадненне ў гарвыканкаме: маўляў, мы хочам зрабіць тое і тое на такіх будынках. Як гэта робяць усе рэкламнікі, масавікі-забаўляльнікі, якія хочуць там музыку нават пайграць на вуліцах гораду, – яны мусяць прайсці працэдуру ўзгаднення», – кажа Андрэй Лары з Таварыства аховы помнікаў гісторыі і архітэктуры.

Зрэшты, нават узгадненне не гарантуе, што твор вулічнага мастацтва не будзе здзёрты або замаляваны камунальнікамі. Як, напрыклад, здарылася днямі з графіці, намаляванымі летась падчас фестывалю «Vulica Brasil», узгодненага з Менгарвыканкамам.

Жыхары Менску:

«Можа, лічаць гэта нейкім вандалізмам, не ведаю. Нейкія перажыткі старога грамадства».

«Павінны быць беларускія матывы, а то што ж яны малююць розную лухту!»

«Намаляваць жа таксама можна абы-што! Ну а калі абы-што, то нехта ж павінен гэта кантраляваць».

Вось толькі хто вызначыць межы гэтага «абы-чаго»? Партрэт Святланы Алексіевіч – гэта абы-што ці не? А яе творчасць? Да прыкладу, Нобэлеўскі камітэт ацаніў літаратурны даробак нашай зямлячкі. А вось тыя ж улады Гарадзеншчыны адмовіліся прыняць беларускамоўны пераклад твораў Алексіевіч: маўляў, і без яе кніг у вобласці хапае.

Валер Руселік belsat.eu

Глядзі таксама