«Чакаем зіму, а яе няма»: з якім надвор’ем сустрэнем Новы год


Сусветны клімат змяняецца, заўважаюць навукоўцы. Мы ж адчуваем перамены часцей за ўсё ўзімку, калі замест снегу падае дождж. У чым прычына анамальна цёплага снежня?

На календары – другая палова снежня, а на тэрмометры – да плюс 9. Цёплыя бясснежныя зімы ўсё часцей здараюцца ў Беларусі. Мы спыталіся ў жыхароў Берасця, ці падабаецца ім цёплая зіма, ці сумуюць яны па маразах і снезе і ў чым, на іхную думку, прычына тэмпературных рэкордаў?

«Мы чакаем зіму, а яе няма».

«Падабаецца, што цёпла. Але разумею, што клімат змяніўся, і снегу дачакаемся няхутка».

«У маім дзяцінстве было інакш, а цяпер не па-навагодняму, не святочна».

«Цяпло, лічым, звязанае з чалавечаю дзейнасцю».

«Цыклічнасць прыроды не залежыць ад выкідаў. Гэта прырода, гэта не мы».

«На Новы год хай выпадзе снег, а далей няхай такое надвор’е і будзе», – кажуць жыхары Берасця.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Тэмпературныя рэкорды абнаўляюцца ледзь не штодня. Гэтак, 16 снежня новыя максімальныя паказнікі за ўвесь перыяд назіранняў зафіксавалі на метэастанцыях Гомельскай вобласці. Тэрмометры ў Брагіне і Жыткавічах паказалі амаль 9 градусаў цяпла.

«Калі мы паглядзім на перавышэнне кліматычнай нормы – гэта 12–16 градусаў, не адзін, не два, а каласальныя паказнікі. Гэта ненармальна, і мы робім відавочную выснову, што гэта наступствы змянення клімату», – каментуе Анастасія Бекіш, каардынатарка таварыства «Зялёная сетка».

Цёплыя зімы, гаворыць Анастасія, небяспечныя і для раслінаў, і для чалавека:

«Калі цёплая, бясснежная зіма – то не гінуць шмат якія шкоднікі, у тым ліку кляшчы, якія сталі ўжо істотнаю праблемай для Беларусі».

Паводле прагнозаў еўрапейскіх метэаролагаў, анамальна цёплае надвор’е ў Беларусі захаваецца да Новага года. У найбліжэйшыя дні тэмпература паветра на 10 градусаў перавысіць кліматычную норму. І толькі ў апошнія дні снежня знізіцца да –5. Снегу ж у навагоднюю ноч не дачакаемся. Хіба што на самай поўначы краіны.

Анастасія Русецкая belsat.eu