Былы бровар у цэнтры Горадні плануюць зноў выставіць на продаж


Для гэтага патрэбны асабісты дазвол Аляксандра Лукашэнкі. 7 гадоў таму комплекс будынкаў ужо набывалі, але суд вярнуў іх ва ўласнасць гораду. Якія шанцы на новае жыццё мае былы завод? І што ў ягоных сценах хацелі б пабачыць гарадзенцы?

«Можна было наўпрост папіць піва, адразу браў адзін куфаль, потым яшчэ два паціху», – узгадвае гарадзенец Януш Паруліс.

Жыхар Горадні сабраў у сваім Музеі гарадскога побыту нямала старых этыкетак ад тутэйшага піва. «Белая Русь», «Каложскае» і некалі папулярнае «Жыгулёўскае»:

«Крутое было «Шляхецкае» піва. Чаму яно знікла? Я памятаю, як прыязджалі з Польшчы знаёмыя, дык яны па 3 скрынкі вывозілі ў мяне гэтага піва!» – успамінае спадар Януш.

Вывозілі, але ў 2007 годзе гарадзенскі бровар, што на беразе Нёмну ў самым цэнтры гораду, збанкрутаваў. Праз 5 гадоў будынкі прадалі кампаніі «Экапрамэнерга» за 400 тысяч долараў. Тая перапрадала фірме «Жавас-Інвест». А ў 2017 Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці вярнуў гісторыка-культурную каштоўнасць ва ўласнасць гораду.

Улады зноў збіраліся абвесціць аўкцыён, але за 5 дзён да яго ў тым самым 2017 на комплексе адбыўся пажар. Неўзабаве, калі дазволяць інстанцыі ды асабіста Лукашэнка, гандляванні ўзновяць, і пачнуцца яны ад 2 мільёнаў рублёў.

«Вядома, гэта будынак досыць прывабны ў турыстычным плане, і, вядома, яго трэба, магчыма, выкарыстаць з гістарычнай падаплёкай», – мяркуе гісторык Алесь Радзюк.

І дадае: гарадзенскі піўзавод – цікавы і працяглы эпізод у гісторыі гораду. Бровар паўстаў у 1865 годзе пасля перабудовы палацу Сапегаў-Агінскіх, крыху пазней ім канчаткова завалодаў аўстрыйскі купец Ёзэф Кунц.

«У справаздачнасці другой паловы ХІХ стагоддзя пісалася, што Кунц – сапраўды вельмі добры майстар. Ён сапраўды вельмі добра разбіраўся ў соладах і хмелях, і яго солададрабілка была самай магутнай у нашай губерні», – дадае гісторык.

Гэтая солададрабілка таксама была першаю паравою машынай, якая выкарыстоўвалася на гарадзенскіх прадпрыемствах. Справы на бровары ішлі надзвычай добра, але пасля смерці Ёзэфа Кунца завод успадкаеміў ягоны сын Ігнат, які, каб заашчадзіць, пачаў дадаваць у піва вялікую колькасць цукру. І ўсё б нічога, калі б на бровар аднойчы не завітала праверка.

«Былі ўзятыя пробы, якія даказвалі, што адбываюцца махінацыі. Не выцерпеўшы такога сораму, ганьбы, Ігнат Кунц падчас гэтай праверкі здзяйсняе самагубства», – распавядае гісторык Алесь Радзюк.

Паводле гісторыка, бровар над Нёмнам мог бы і цяпер варыць крафтавае піва на асалоду для жыхароў і гасцей каралеўскага гораду. А які лёс для будынкаў выбралі б самыя гарадзенцы?

«Як варыянт? Якая-небудзь культурная пляцоўка ў ідэале, з амфітэатрам каля Нёмну. Гэта было б ідэальна, я лічу. Ну і які-небудзь піўны музейчык».

«Не, я хацела б, каб нешта для дзетак узнікла. Нешта развівальнае!»

«Шкада, што няма нашага гарадзенскага піва. Хацелася б, каб яно адрадзілася».

«Прынамсі, не трэба ўвозіць усялякае г**но, невядома адкуль, калі мы можам сваё зрабіць нармальнае адэкватнае».

Могуць, але ці зробяць?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu