Было «усё гэта пустое». А цяпер пачалі прымаць меры


У Беларусь проста так не ўедзеш. Ад сёння практычна ўсе, хто прыбывае ў нашую краіну, маюць абавязак самаізалявацца на 14 дзён. Недзяржаўныя медыі паведамляюць пра новыя выпадкі падазрэнняў захворванняў на COVID-19 у Гомлі. Аднак дагрукацца па афіцыйны каментар не ўдаецца.

Псіхоз, істэрыя, і гэта ўсё пустое. Гэтак яшчэ тыдзень таму кіраўнік Беларусі называў рэакцыю краінаў свету на COVID-19, паралельна распавядаючы пра лазню, гарэлку і трактар. Аднак ужо сёння ўрад Беларусі ўсё ж увёў абавязковы каранцін на 14 дзён для ўсіх, хто вяртаецца з-за мяжы.

Польшчу, дзе ўжо зафіксавалі больш за 1100 хворых і 14 смерцяў, увогуле ўключылі ў спіс краінаў з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, паставіўшы ў адзін шэраг з Італіяй, Іранам, Паўднёвай Карэяй, Францыяй, Нямеччынай, Іспаніяй і Чэхіяй. Тых, хто ўязджае ў Беларусь з гэтых дзяржаваў, будзе чакаць не проста самаізаляцыя, але і двухтыднёвы медычны нагляд.

Пакуль гэта адзіная абарончая захада, прынятая на агульнадзяржаўным узроўні. Афіцыйна Беларусь – адзіная краіна рэгіёну, дзе колькасць хворых на COVID-19 не расце. Між тым, радыё «Свабода» сцвярджае: іх карэспандэнт бачыў, як медыкі ў спецкасцюмах забіралі двух сталых людзей у спальным раёне Гомля.

З публікацыі радыё «Свабода»:

«У адным з дамоў, дзе […] праводзілі санітарную апрацоўку праз падазрэнне на каронавірус у адной з жыхарак, міліцыя абышла ўсіх жыхароў. Супрацоўнікі сілавой структуры загадалі жыхарам «нікому нічога не казаць» і не выходзіць з дому».

Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў прадстаўнікоў улады выявілася немагчымым. Тэлефоны начальства абласных аддзелаў Мінздароўя і міліцыі ў працоўны час маўчаць. Сёння Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва падала міністру эканомікі разлікі, як ратаваць цэлыя галіны бізнесу, якія нясуць страты або не могуць працаваць праз пандэмію.

«Ведаючы пазіцыю шмат якіх міжнародных фінансавых арганізацыяў, Валютнага фонду, Сусветнага банку, ЕБРР, Еўрапейскага інвестыцыйнага банку – усе яны выдзелілі вызначаныя рэсурсы на пераадольванне гэтых крызісных зʼяваў», – звяртае ўвагу старшыныя Рэспубліканскае канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

Прадпрымальнікі дамагаюцца, каб урад, на ўзор іншых краінаў, прыняў антыкрызісны пакет і, сярод іншага, адтэрмінаваў выплаты падаткаў і арэнднай платы, увёў мараторый на спецыяльныя правяранні. Сёння Мінспорту пацвердзіла, што гатовае даць падатковыя вакацыі ды іншыя льготы для сферы турызму.

«Мы чакаем ад ураду хуткага прыняцця рашэнняў для таго, каб людзям вызначыцца, звальняць іхных супрацоўнікаў, ці закрываць фірму, ці працягваць дзейнасць, і на якое падтрыманне мы можам разлічваць ад ураду», – дадае Уладзімір Карагін.

Усяго ў свеце налічылі паўмільёна выпадкаў заражэння COVID-19 і больш за 22 тысячы смерцяў. За мінулыя содні ў Іспаніі сканалі 655 асобаў, агульная колькасць памерлых перавысіла 4 тысячы.

«Ёсць такое ўсеагульнае разуменне, што каранцін – гэта неабходная мера, што без яго ніяк. І мне здаецца, што нават больш крытыкі, што ён быў запозна ўведзены», – распавядае беларус з Барсэлоны, гід па Каталунні Павел Кірылёнак.

У Італіі ж памерлі 7,5 тысяч хворых на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку ўчора – 683 асобы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum