Бягучы рамонт гэтага дому запісалі як капітальны – і вось што было далей


Дом у вёсцы Падсвілле чакае рамонту ўжо не першы год. Фота – «Белсат»

Пяціпавярховік у вёсцы Падсвілле не першы год мае патрэбу ў капітальным рамонце. Паводле дакументаў, рамонт выканалі аж у 2004 годзе, але жыхары дому сцвярджаюць, што працы праводзіліся толькі на даху. Але нават яны не прынеслі нікай карысці.

Дому 59 на вуліцы Савецкай споўнілася 38 гадоў. Здавалася б, на падыходзе ўжо мусяць быць планы на другі капітальны рамонт. Але, паводле жыхароў, яны не могуць дачакацца і першага. 15 гадоў таму бягучы рамонт камунальнікі ў дакументах запісалі як капітальны, але жыхары ўпэўненыя: дом пасля яго мае выглядаць зусім не так.

«Я ж уяўляю, што капітальны рамонт – гэта нешта, што мае нейкую гарантыю на гадоў пяць. Што можна жыць шчаслівым, што на цябе не пацячэ нідзе. Што можна ўсё парадкаваць у кватэры. Клеіць, красіць, упрыгожваць, і што ты жывеш спакойна» – кажа жыхарка дому Марыя Баравік.

Жыхары дому паднялі трывогу пасля судовага разбору. Адна суседка падала скаргу на іншую праз затапленне кватэры. У выніку палову пенсіі Таццяна Дулуб аддае на сплату шкоды. Хоць жанчына сцвярджае, што вінаваты ўва ўсім дзіравы дах.

«Я сказала, што наш дом вельмі стары, а капітальнага рамонту ні разу не было», – абураецца Таццяна.

Паводле Таццяны, камунальнікам канфлікт суседак выгадны. Маўляў, свае недапрацоўкі яны перакладаюць на ейныя плечы. Акрамя таго, камунальнікі змусілі жанчыну памяняць акно ў кватэры, сцвярджаючы, што ўсе беды менавіта ад яго. Пры гэтым адмова ад замены каралася б штрафам. Жанчына працягвае адстойваць свой пункт гледжання:

«Сведкі ёсць у мяне, і напісанне ёсць сведкі, якія падпісаліся, што, калі былі дажджы, акно маё не цякло. Я пайшла ў дом саветаў, я ім паказала фатаграфіі ўнізе. Мы сходзім з вамі паглядзім, я кажу, вось, адвальваюцца шпалеры, сапраўды гэтак жа, як у Гаўрыльчык. Ну, нічога не адказалі. І яны пачалі пытаць, калі новае акно пастаўлю. Я кажу, у мяне няма сродкаў».

Каб дамагчыся капітальнага рамонту, Таццяна пачала збор подпісаў. Ейную ініцыятыву падтрымалі шмат якія суседзі. Бо жыхары так сама лічаць, што дом знаходзіцца ў жудасным стане.

«У суседзяў Даўленскіх, там у іх прабівалі, цякло. Але не з мяне цякло, а ў перакрыцці. Вось прабілі гэтыя, стаяць. Што зрабіць, я не ведаю як да іх звяртацца».

«Дах рамантавалі, а тут я не ведаю».

«Бачыце, якая дзірка там уверсе ў даху. І туды цячэ вада, і абсыпаць гэта ўсё. Ужо абмазвала колькі разоў – і ўсё роўна. Бо там з даху цячэ. Кажуць, што гэта калі касы дождж на пяты паверх трапляе і з пятага паверха, але не. У іх быў зашклёны балкон, а ў мяне тут абсыпалася, сыплецца. Бачыце, і ў той бок, і там волкасць якая, і ніхто нічога не робіць».

Каб высветліць, ці плануюць камунальнікі рамонт у доме № 59, «Белсат» звязаўся з працаўнікамі Падсвільскага ўчастку ЖКГ Глыбоцкага раёну. Але нам адказалі, што рамонт ужо быў, а чарговага не прадбачыцца.

Рэпартаж Дар’і Чульцовай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 снежня