Бурка, папаха, горны аул: самы незвычайны «ганарар» Рыгора Барадуліна


Паэт, эсэіст, перакладчык, рэдактар. Больш за 6 тысяч вершаў і больш за 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі. Для літаратараў Барадулін – найперш мовастваральнік, адзначае літаратар Міхась Скобла:

«Беларуская мова – адна з самых багатых у свеце. У генеральным каталогу беларускай мовы два мільёны картачак. Барадуліну бракавала двух мільёнаў слоў, і ён ствараў свае».

Ягоная паэзія прасякнутая тонкім псіхалагізмам ды народнай мудрасцю, перанятай ад маці, назапашанай на радзіме – Вушаччыне. Яшчэ са школы – занатоўваў новыя беларускія словы ў асабісты дзённік. Наталля Давыдзенка, укладальніца кніг Барадуліна:

«І недзе з 8 класа ён пачаў збіраць словы. Вось, трэба яму было: запісваў спачатку беларускае слова – і рускі пераклад».

Перакладаў Рыгор Барадулін з 37 нацыянальных моваў! Дзякуючы паэту на Ерусалімскай сцяне храму Патэр Ностэр у 2011 годзе ўпершыню сярод 130 моваў свету па-беларуску з’явілася малітва «Ойча наш». Уважыў Барадулін і чачэнскі народ. Міхась Скобла:

«За пераклады паэта Зелімхана Яндарбіева чачэнцы ўзнагародзілі Барадуліна буркай, папахай і сертыфікатам на валоданне горным аулам. Гэта самы незвычайны ганарар у гісторыі беларускай літаратуры».

Яскрава жартаваў, ніколі не адпачываў і ўсім спяшаўся дапамагчы, асабліва маладым аўтарам. Наталля Давыдзенка:

«У тыя часы не тое што інтэрнэту, друкарку знайсці аддрукаваць рукапісы – гэта цяжка. А яшчэ з раёнаў. Ён сам проста – бегаў, насіў, адпраўляў аўтарам. Яны былі маладыя, яны не маглі. Ён рабіў гэта за іх».

Памяць пра апошняга народнага паэта Беларусі сёння жыве на менскіх вуліцах. Пасля Барадуліна гэтага звання ніхто не атрымліваў. Мінакі сталіцы:

«Паважаны чалавек – гэта я памятаю, што ў яго сваё крэда было».

«Знаю, што ён быў патрыётам і шмат пісаў пра Беларусь».

«Пісаў цудоўнейшыя вершы. Ён з тых людзей, якія калі іх ужо няма з намі, то яны як жывыя сярод нас».

«Вельмі быў разумны! А апошнія яго вершы – сатырычныя ўжо… Многа хацеў сказаць, але не паспеў. Светлая памяць!»

Рыгор Барадулін падтрымліваў нацыянальны рух Беларусі, быў сябрам Партыі БНФ, спачуваў дэмакратычнай частцы грамадскасці. У апошнія гады моцна хварэў, атрымліваў сціплую пенсію. Вось тут, на доме, дзе жыў творца, у 2017 не на дзяржаўныя сродкі, а на прыватныя ахвяраванні, талакою – людзі ўсталявалі памятную дошку паэту. Каб не згасала народная памяць – сапраўды народнаму і выбітнаму творцу, у жыцці сціпламу і ўсімі любімаму – дзядзьку Рыгору.

Таццяна Уласенка, belsat.eu