Бульба-фры бясплатна – за дзясяткі па мове і літаратуры


У Фаніпальскіх школах дзеці з нецярпеннем чакаюць заняткаў па беларускай мове і літаратуры, рыхтуюцца, цягнуць рукі. І ўсё дзякуючы мясцоваму бізнесоўцу, які запусціў адмысловую акцыю для школьнікаў.

– Дадзіце?

– Так.

– Ееееее!!!!Ура!!!Ура!!! Ура!!!

Сафія Дуванава, вучаніца 1-й школы, Фаніпаль:

«Я першы раз атрымліваю бульбу-фры бясплатна!!!»

У Фаніпалі кавярня «Бульба Драйв», якая адкрылася побач з першай школай, ладзіць акцыю. Калі звычайны кошт бульбы – два з паловаю рублі, то за адзнакі па прадметах ад 8 ды вышэй кошт зніжаецца да паўтара рубля. А вось за дзявяткі і дзясяткі за прадметы на роднай мове – бульба ў падарунак.

Да касы не прабіцца, вялікая чарга, усе хочуць атрымаць бясплатную порцыю бульбы.

– Мы спецыяльна засталіся пасля ўрокаў, каб расказаць верш.

– А чаму не размаўляеце па-беларуску?

– Не ведаем.

Для атрымання пачастунку неабходна паказаць дзённік з адзнакай за гэты ж дзень. Вучні распавядаюць, што цяпер самі сталі прасіць настаўнікаў задаваць ім вершы на памяць.

– Як па-беларуску будзе «очки»?

– Акуляры.

– Ну, правільна. Так, беларуская мова, бачу. Ёсць бульба.

Вучні кажуць, што цяпер у школе вялікая канкурэнцыя: рыхтуюцца ўсе. Але знаходзяцца і тыя, хто дамалёўвае сабе адзнакі або ідзе паўторна з чужым дзённікам:

«За 9, 10 па беларускай мове і літаратуры даюць бясплатную бульбу-фры. З-за гэтага нашыя дзеці сталі старанна старацца, адказваць, працаваць каля дошкі».

«Раней у нас настаўніца ставіла 6, 7 па беларускай мове, а зараз стала ставіць лепш, бо бачна, што ўсе сталі старацца».

– Беларуская – ёсць. Станавіся сюды. Яшчэ 10-ка. (Смяецца) Жах нейкі! Настаўніцу мне запрасіце, скажыце ў «Бульба Драйв» яе клікалі, я з ёй паразмаўляю. 10-ка. Вы што? Згаварыліся?

Акцыя будзе дзеяць да канца навучальнага года.

Вольга Чайчыц, belsat.eu