Чалавечыя косткі пад нагамі. У Гальшанах працягваецца будаўніцтва на месцы могільніка.
Падчас будоўлі паркінгу каля Гальшанскага замку работнікі знайшлі пахаванне, якое археолагі адносяць да XIII–XIV стагоддзяў. У выніку нясвоечасова распачатых археалагічных раскопак могільнік быў пашкоджаны, а месцамі нават знішчаны.
Гэтая перакопаная зямля засталася пасля будаўнічых працаў. Архітэктары кажуць, што даследаваць яе будуць, але сэнсу мала: калі тут і было пахаванне, то яно ўжо пашкоджанае тэхнікаю. Аднак падчас здымак сюжэту нам удалося знайсці вось у гэтай кучы зямлі часткі костак. Відавочна, чалавечых.
Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:
Археолагі сцвярджаюць, што гэтыя косткі хутчэй за ўсё ёсць часткамі аднаго шкілета, які адкінулі за тэрыторыю будоўлі і моцна пашкодзілі.
Усяго за тыдзень раскопак каля Гальшанскага замку былі знойдзеныя некалькі ўпрыгожанняў і пяць шкілетаў, два з якіх панішчаныя тэхнікаю. Колькі археалагічных каштоўнасцяў было страчана назаўсёды, мы ўжо наўрад ці даведаемся.
«Паводле заканадаўства, калі праводзіцца земляная праца, павінна быць паведамлена ў Акадэмію навук, трэба паслаць дакументы і схемы, як будзе праводзіцца будаўніцтва. У дадзеным выпадку, Акадэмія навук і Інстытут гісторыі не атрымалі ніякіх дакументаў, таму адбылася такая сітуацыя», – тлумачыць археолаг Павел Кенько.
Гэта далёка не першы выпадак пашкоджання старажытных пахаванняў падчас будоўлі. Гэтак, сёлета ў кастрычніку падчас пракладкі трубаў на Калектарнай вуліцы Менску будаўнікі трапілі на магільныя пліты габрэйскіх пахаванняў. У пачатку года ў Берасці знайшлі парэшткі амаль тысячы вязняў мясцовага габрэйскага гета.
«Такіх могільнікаў шмат сотняў, а археолагаў не так і шмат, бюджэтных грошай не так шмат. І аб’ездзіць усе гэтыя могільнікі не ўяўляецца магчымым», – разважае археолаг Павел Кенько.
Пакуль у Гальшанах будаўнікі працягваюць працаваць на тых тэрыторыях, дзе, як мяркуецца, ужо не знайсці пахаванняў, але яшчэ раскіданыя косткі, археолагі бʼюць трывогу праз будоўлю на Нямізе. Сяргей Тарасаў, археолаг і гісторык распавядае:
«Вось гэта будаўніцтва новага гатэлю… Яны проста знеслі там культурны слой уздоўж левага берага Свіслачы. Проста выкапалі. Я праводзіў раскопкі на другім баку, там, дзе Зыбіцкая. І там цудоўныя археалагічныя напластаванні XVII–XVIII стагоддзяў, нават трапляецца сёе-тое ХІІ–ХІІІ стагоддзяў».
Турбуе археолагаў і рэканструкцыя будынкаў Верхняга замку ў Полацку. Там плануюць уладкаваць кадэцкі корпус, не правёўшы неабходных археалагічных даследаванняў. Сяргей Тарасаў разважае:
«Штосьці такое дзіўнае ў нас адбываецца, я гэта называю «бульдозерная» археалогія. Неяк яна пайшла ў наступ па ўсёй краіне, і ад гэтага становіцца трывожна».
Паводле гісторыкаў і археолагаў, захаваць культурніцкую спадчыну Гальшанаў, Полацку, Менску на гэты момант немагчыма без удзелу ды зацікаўленасці дзяржаўных органаў.
Алена Дубовік belsat.eu