Br 23 тыс недастачы ў Віцебску спісалі на працаўнікоў

Прыйшлі на працу зарабляць, але давялося гуртам пакрываць страты працадаўцы. Таварыства «Ніка» у Віцебску праз суд спаганяе з былых працаўнікоў аплату за нястачу ў адной з фірмовых крамаў. У дзейных працаўнікоў – «не вядома кім накрадзенае» вылічваюць з заробкаў. Чаму да гэтага дайшло?

Праз Суд Першамайскага раёну Віцебску Артур Скрыпкін спрабаваў пазбавіцца ад абавязку сплаціць былому працадаўцы Br 216. Былы ахоўнік крамы «НІКА-3» аказаўся сярод 22 былых і шэрагу цяперашніх працаўнікоў, сярод якіх «раскідалі» нястачу на суму Br 22 757. Артур Скрыпкін, былы ахоўнік крамы «НІКА-3»:

«Сістэмы «Антыкрадзеж» ці антысцікероўкі ў нас не было. На ўсе патрабаванні, якія скіроўвалі да загадчыцы крамы і кіраўніка аховы, нам адказвалі «чакайце, будзе».

Усе супрацоўнікі «НІКІ» падпісвалі калектыўную дамову аб абавязку захоўваць матэрыяльныя каштоўнасці ў краме. Цяпер праз суд (бо плаціць адмовіліся) адказваюць за скрадзеныя на працягу дзевяці месяцаў (2018-2019) напоі і харчы. Загадчыца Алена Булкова ў судзе сведчыла:

«Людзі лічаць, што раніцаю крама знаходзілася без аховы, хоць сябры калектыву цалкам самі маглі глядзець за залай. Нават грузчыкі, якія ў нас з’яўляюцца матэрыяльна адказнымі асобамі, глядзелі за залай».

Суддзя Святлана Абрамава запыталася:

«Паводле вашага меркавання, ці былі наймальнікам створаныя ўмовы для захавання матэрыяльных каштоўнасцяў ці не?»

«Умовы былі створаныя», – адказала загадчыца і пераканала суд.

Працаўнікі даводзяць, што ў краме шмат сляпых зон (якія не бачыць камера). Маніторы стаяць у кабінеце загадчыцы крамы. Ахоўнік адзін і дыжурыць ад 11 гадзіны, хоць крама працуе ад 7 ранку. Не было аховы і падчас перапынкаў Артура Скрыпкіна.

«Два разы па паўгадзіны. То бок гадзіна на тое, каб я мог спакойна пайсці паесці. Але калі я выходзіў паесці, краму ніхто не ахоўваў», – кажа Артур Скрыпкін, былы ахоўнік крамы «НІКА-3».

Чаму ў судзе працадаўцы ўдалося адстаяць сваю пазіцыю, а працаўнікам – не, тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў:

«Недастача вось яна відавочная, але няма фактаў неналежнага захоўвання, дастаўкі прадукцыі, якая знаходзіцца ў краме. Чаму? Бо яны нікім не зафіксаваныя. Адміністрацыі не выгадна гэта фіксаваць, а людзі, якія падпісалі дамову гэтую інфармацыю не збіралі».

Кожны, хто працуе паводле дамовы з пунктам пра кампенсацыю недастачы – ад першага дня можа стаць даўжніком. Павел Левінаў дадае:

«Калі вы зафіксуеце, маеце напісаць дакладную запіску ці заяву да кіраўніцтва крамы ці адпаведную арганізацыю, што ў гэтай гандлёвай кропцы тавар захоўваецца неналежным чынам і ў выпадку хішчэння ці псавання тавару вы не хочаце несці за гэта нейкую матэрыяльную адказнасць».

Слоган «Давайце эканоміць разам!» пад назваю крамы працаўнікі ўспрымаюць, як эканомію гаспадара на сістэме бяспекі… У выніку судовых разбіральніцтваў суд знізіў адно сумы выплат. Артуру Скрыпкіну, напрыклад, на Br 10.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама