Больш як 1000 рублёў штрафу за каментар у Facebook


Штраф 40 базавых велічыняў прысудзілі ІТ-кансультанту Глебу Рубанаву за меркаваны пост у сацыяльнай сетцы Facebook. Допіс палічылі распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў. І гэта нягледзячы на тое, што ў судзе Рубанаў пераканаўча даводзіў: ягонае затрыманне было незаконным і беспадстаўным, пратакол складзены з парушэннямі, а доказы віны адсутнічаюць.

Паводле Глеба Рубанава, уначы 7 траўня яго паклікалі надвор. Маўляў, хтосьці пашкодзіў ягонае аўта. Пасля яго жорстка затрымалі сілавікі. Патрабаванні ж Рубанава разгледзець законнасць затрымання суд праігнараваў. Глеб Рубанаў, ІТ-кансультант:

«Па шчырасці, я не здзіўлены, але я хутчэй чакаў, што ўсё-такі пры такой наяўнасці парушэнняў, фактычна адсутнасці доказнай базы легітымнай, мне здавалася, што нават ва ўмовах беларускага суда няма іншага выйсця, як проста спыніць справу».

Падстава для адміністратыўнай справы – каментар карыстальніка Фэйсбуку на імя Глеб Рубанаў, у якім ён спасылаецца на пост іншага карыстальніка, дзе размешчаная карцінка з абрэвіятурай, што прызнаная экстрэмісцкаю. Ці ёсць той ці іншы матэрыял экстрэмісцкім, у Беларусі пастанаўляе адмысловая камісія.

Наста Лойка, праваабаронца «Human Constanta»:

«У публічным спісе ў Міністэрстве інфармацыі ўжо 138 пунктаў, хоць я ведаю, што ёсць значна больш судовых рашэнняў: напрыклад, у свой час былі прызнаныя экстрэмісцкімі нават кніжкі Зянона Пазняка пра фота, але чамусьці іх няма ў рэспубліканскім спісе экстрэмізму».

Паводле «экстрэмісцкага» артыкулу нярэдка пераследуюць футбольных заўзятараў, палітычных актывістаў, аматараў альтэрнатыўнай музыкі. Наста Лойка, праваабаронца «Human Constanta»:

«Экстрэмізм – гэта вельмі складаная тэма, тут няма вельмі дакладных міжнародных стандартаў. Зразумела, што не павінна быць чагосьці, што распальвае варожасць. Але пры гэтым, маё ўражанне, што ў Беларусі гэта трактуецца вельмі шырока. І вельмі часта асобныя дзяржаўныя органы, ГУБАЗіК, вельмі адвольна пашыраюць значэнне, што ёсць экстрэмізмам».

Аднак Глеб Рубанаў адзначае: у ягонай справе галоўную ролю грае не столькі матэрыял, колькі факт яго распаўсюду. Маўляў, фактычна суд за аксіёму прыняў заяву сілавікоў, што Рубанаў размясціў у Фэйсбуку экстрэмісцкія матэрыялы. Ніякіх доказаў гэтага не прывялі наагул, мяркуе ІТ-адмысловец:

«Беларускія органы самастойна не маюць тэхнічнай магчымасці вызначыць хоць якую інфармацыю пра час, кліенцкія прылады, нейкія іншыя тэхнічныя абставіны з’яўлення ці змянення тых ці іншых допісаў у сетцы Фэйсбук. Гэтай інфармацыяй валодае толькі карпарацыя Фэйсбук».

Глеб Рубанаў будзе абскарджваць рашэнне суда, а таксама спадзяецца, што ягоная справа створыць схему для абароны ад неабгрунтаванага пераследу іншых людзей, якіх вінавацяць у падобных злачынствах.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu