БНР у беларускай гісторыі


Бел-чырвона-белы сцяг ды герб «Пагоня». Сімвалам дзяржавы яны зрабіліся сто гадоў таму. 25-га сакавіка 1918 года былы выканкам Усебеларускага з’езду прыняў Трэцюю ўстаўную грамату. Яна абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Галоўнай, на мой погляд, перадумовай, стала небяспека падзелу этнічных тэрыторый Беларусі. І гэта было галоўным фактарам, які рэалізаваў палітычныя памкненні часткі беларускіх эліт», – кажа кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч.

Падчас Першае сусветнай вайны бальшавікі ўцяклі з акупаванага немцамі Менску. У гэтай сітуацыі створаны ўрад БНР звярнуўся да Нямеччыны з просьбаю прызнаць беларускую незалежнасць. І хаця нямецкія салдаты разагналі Раду, яна працягнула сваю дзейнасць. А праз чатыры месяцы камандаванне нямецкай арміі дазволіла БНР мець прадстаўніцтва пры палявых камендатурах ды займацца гандлем і прамысловасцю.

Пасля таго як Нямеччына з Савецкай Расеяй падпісала дамову аб вызваленні часткі беларускіх зямель, паўстала пытанне абароны ад савецкай улады. Урад БНР працягнуў сваю дзейнасць у выгнанні.

«Бальшавікі фактычна ўзурпавалі беларускую мову, яны зрабілі з яе інстытут прапаганды і індактрынацыі, у гэтым сэнсе прычыніліся да знішчэння БНР і яе спадчыны», – адзначае Андрэй Чарнякевіч.

БНР цягам доўгага часу ўспрымалася негатыўна і ў постсавецкай Беларусі. Ад пачатку свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка не прызнаваў яе ролі ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

«Добрая гэта старонка ў нашай гісторыі? Хіба не зусім. Не трэба гэта педаліраваць», – казаў Лукашэнка.

Стаўленне ўладаў да гісторыі не змянілася – сцвярджае і гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

«Гэта саступкі, якія зараз адбываюцца, яны кропкавыя, аднаразовыя і вельмі малыя, я паверу, што нешта змянілася, калі гэту будуць змены інстытуцыйныя, напрыклад, вяртанне беларускай мовы ў школу, гэта стварэнне беларускага нацыянальнага ўніверсітэту, гэта закрыццё расейскага тэлебачання ў Беларусі», – мяркуе доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

На змену БНР у 1919 годзе прыйшла БССР. А большасць заснавальнікаў БНР савецкая ўлада знішчыла ў 1920–30-я гады.

Юлія Лабанава, «Белсат»