Без мёду і грошай. Пчаляры забітых атрутай пчолаў не могуць даказаць іх смерць


Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum

Сельгаспрадпрыемства на Гомельшчыне патруціла пчолаў, выкарыстоўваючы на гарохавых палях ядахімікаты. Пчаляры аказаліся ў непрыемнай сітуацыі: яны засталіся без мёду і без кампенсацыі. Спроба яе атрымаць ператварылася ў зачараванае бюракратычнае кола.

Напрыканцы траўня сельгаспрадпрыемства «Ельск» апрацавала гарох на сваіх палетках небяспечным для інсектаў ядахімікатам, кажуць пчаляры.

«Яны зрабілі гэта ўдзень, што катэгарычна забаронена: такімі рэчывамі трэба апрацоўваць ці рана раніцай, ці позна ўвечары. Яны зрабілі гэта на расліны ў квецені, што катэгарычна забаронена, і не апавясцілі, што павінныя былі зрабіць мінімум за тры дні», – тлумачыць пчалярка Паліна Зыль.

У выніку гэтага апрацавання загінулі пчолы на пасеках у самым Ельску, а таксама ў вёсках Востраў і Пчэльнік. Марыя Зыль адразу ж выклікала на сваю пасеку міліцыю, ветэрынара і прадстаўніка Следчага камітэту, якія засведчылі масавы мор пчолаў ды ўзялі ўзоры, каб вызначыць атрутнае рэчыва.

«Ні Следчы камітэт, ні ветстанцыя не адправілі ўзораў. Мне давялося самой праз пяць дзён узяць гэтыя ўзоры, давезці ў Менск, заплаціць 100 рублёў за аналіз, і толькі пасля гэтага ў мяне было на руках, што пчолы атруціліся гэтай «Актарай», – кажа Паліна Зыль.

Шкоду пчаляркі ацанілі прынамсі на Br 8500: гэта і недаатрыманы мёд, і неабходнасць аднаўляць пчаліныя сем’і. Але крымінальнай справы ў дачыненні адказных асобаў сельгаспрадпрыемства міліцыя не распачала, паведаміўшы, што пацярпелым трэба звяртацца ў суд, каб у грамадзянскім парадку спагнаць страты.

Рэпартаж Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 3 верасня

Патрабаваць кампенсацыю наважыліся не ўсе пацярпелыя пчаляры.

«Дабіцца вельмі складана, пачнуць, што «ў вас не зарэгістраваныя…». Хоць дазваляецца па пяць сем’яў на асобу, то бок я магу трымаць 20 сем’яў і нічога не рэгістраваць», – тлумачыць пчаляр Уладзімір Кузьменка.

Менавіта на тое, што пасека ў Зылёў не зарэгістраваная, і спасылаецца дырэктарка гаспадаркі «Ельск» Ірына Сышчанка. Маўляў, у гаспадарцы не ведалі, што ў Зылёў ёсць пчолы. Чыноўніца нібыта і прызнае, што шкоду пчалярам нанесла прадпрыемства ды яе трэба скампенсаваць:

«Мы гатовыя без суда скампенсаваць страты, але трэба мець на руках прававы акт, у межах чаго мы кампенсуем ці натураплатай, ці чым, нам абавязкова трэба мець акт пра гібель пчолаў».

Хто мае скласці гэты акт, не можа сказаць ні дырэктарка прадпрыемства і ніводная з інстанцыяў, праз якія ўжо па некалькі разоў прайшлі пчаляркі, дамагаючыся справядлівасці.

«Мы звярталіся ў райвыканкам, у сельсавет, у ветстанцыю, і нават у Гомель у аблвыканкам, але ніхто нам не можа даць адказ, дзе ўзяць такую паперу», – распавядае Марыя Зыль.

Цяпер пчаляркі апратэставалі адмову Ельскага РАУС распачаць крымінальную справу і чакаюць дадатковага правярання па сваёй заяве.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»