Без маскі ўваход забаронены!


У самым сэрцы беларускага Паазер‘я месціцца Браслаў, куды ўлетку, каб адпачыць на найчысцейшых Браслаўскіх азёрах, прыязджаюць тысячы турыстаў. Сёлета ў горадзе і на пляжах нешматлюдна. І прычына, хутчэй, не ў надвор‘і.

«Мы бачым, што патрабуюць маскі надзець у крамах. У Менску інакш, а тут не пускаюць у краму, значыць, напэўна, нешта складанае», – кажа наведнік Браслава.

Складанае – гэта каронавірус. Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб захадах прафілактыкі COVID-19. Згодна з ім, у крамах, аптэках, банках, на пошце, у грамадскім транспарце ды іншых публічных месцах без маскі быць забаронена. Абмежавалі і колькасць наведнікаў, якія могуць быць адначасова ў памяшканнях. Касіры мусяць працаваць за празрыстымі экранамі. Новаўвядзенні закранулі і садкі, дзе цяпер забаронена перафармоўваць групы ды мяняць у іх выхавацелек.

«Прынятыя захады абумоўленыя пагаршэннем эпідэмічнай сітуацыі ў рэгіёне. І накіраваныя яны ў першую чаргу на дадатковую абарону тых, хто працуе з вялікім патокам людзей», – паведаміла Вольга Рудакова, галоўны санітарны лекар Браслаўскага раёну.

Што менавіта адбываецца ў раёне, жыхары не ведаюць: пра сітуацыю з COVID-19 мясцовыя ўлады іх не інфармуюць. Адзіная крыніца інфармацыі – чуткі:

«Я не ведаю, ці праўда, чуткі ці не, але кажуць, што людзі хварэюць».

«Кажуць, што дрэнна, як насамрэч – ніхто не ведае праўды».

«Як хто кажа, канкрэтыкі ніякай няма. Хтосьці кажа – шмат хворых, а нехта кажа не звяртаць увагі».

«Гэта могуць сказаць толькі афіцыйныя асобы. Я не працую ў шпіталі. У нас у аптэцы спакойная абстаноўка».

«Хварэюць людзі, хаваюць статыстыку».

Ва ўсёй жа краіне статыстыка выяўленых выпадкаў, паводле Міністэрства аховы здароўя, штодня практычна тая ж. За апошнія суткі дыягназавалі 732 выпадкі заражэння і прызналі 5 смерцяў ад COVID-19.

«У Менску шмат дыягнастуюць пнеўманіяў. Такога раней не было, кажуць медыкі, які працуюць на рэнтгене. Іх дыягнастуюць як пнеўманію, а насамрэч, гэта таксама каронавірус, таму гэтая статыстыка ідзе… няслушная», – кажа наведнік Браслава, жыхар Менску.

У свеце ж з улікам афіцыйнай беларускай статыстыкі колькасць інфікаваных няўхільна набліжаецца да 8 млн. Лідаруюць у сумным рэйтынгу ЗША, Бразілія і Расея – краіны, кіраўніцтва якіх напачатку адмаўляла сур’ёзнасць смяротнага віруса.

Вольга Старасціна, «Белсат»