Берасцю хутка тысяча гадоў! Горад рамантуюць нават там, дзе берасцейцам гэтага і не трэба


Жыхары дому нумар 18 на вуліцы Валгаградская прасілі ўлады зрабіць паркоўку каля ўваходу ў дзіцячы садок, што месціцца побач з іхным домам. Ранкам і ўвечары там шмат машын – бацькі адвозяць і забіраюць дзяцей. Гэты рух стварае небяспеку жыхарам дому.

«Пакуль хто не будзь не наедзе да гэтага пешахода. Або гэты пешаход, таксама, не штурхне машыну або падрапае шкло», – кажа жыхар дому Валянцін Лазарэнкаў.

Чыноўнікі ў адзін голас казалі, што грошай няма. Але раптам гарвыканкам знайшоў сродкі на будоўлю, праўда, не паркоўкі, пра якую прасілі, а пешаходнай дарожкі. Пад гэтую справу знішчылі частку зялёнай зоны і спілавалі дрэвы, якія саджалі жыхары дому.

«Вось гэтыя дрэвы, вось будуюць дарогу. Іх парэжуць. Ці не парэжуць. Ці маем мы права што-небудзь з гэтымі дрэвамі рабіць? Зелянгас кіруе парадам! Зноў мы нічога не ведаем!», – абураецца Валянцін Лазарэнкаў.

Як высветлілі жыхары, у арганізацыі, якая праводзіць будоўлю, няма зацверджанага плану і праектнай дакументацыі!

«Парушаны закон аб архітэктурна-будаўнічай дзейнасці! Павінны запытаць меркаванне – у нашага народу ніхто меркавання не запытвае. Ставяць перад фактам. І нічога не даб’ешся» – мяркуе эксперт у будаўніцтве Фёдар Петрусевіч.

Жыхары вырашылі хоць бы паспрабаваць і звярнуліся туды, дзе ўмеюць размаўляць з чыноўнікамі. У Белсат.

Мы ў сваю чаргу затэлефанавалі ў гарвыканкам, каб запытацца, чаму на Валгаградскай не будуюць неабходнай жыхарам паркоўкі, а кладуць нейкія дарогі, ды яшчэ і парушаючы закон? Нам адказаў галоўны адмысловец аддзелу ідэалогіі Берасцейскага гарвыканкаму Валерый Цапкоў: «Не ведаю, ці злаўлю я каго да канца працоўнага дня, але я абавязкова высветлю. Ператэлефануйце мне. У панядзелак, у раёне 11».

Хоць адказу мы і не атрымалі, але наш званок разварушыў чыноўнікаў: неўзабаве пасля яго да жыхароў прыехаў намеснік кіраўніка гораду Вадзім Краўчук ды паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Ці зробіць ён гэта – мы будзем сачыць!

Ян Вярбіцкі, «Белсат»