Берасцейцы – пра вынікі дзвюх гадоў пратэстаў супраць заводу акумулятараў


Кожную нядзелю праціўнікі заводу «АйПаўэр» збіраюцца на плошчы і кормяць галубоў. Фота – «Белсат»

Ужо два гады кожную нядзелю сюды, на плошчу Леніна ў Берасці, прыходзяць праціўнікі заводу акумулятарных батарэяў. Яны патрабуюць поўнага закрыцця прадпрыемства.

Будаўніцтва заводу «АйПаўэр» пачалося ў канцы 2017 года ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Людзі пачалі змагацца супраць будоўлі патэнцыйна небяспечнага прадпрыемства, сабралі амаль 40 тысячаў подпісаў на імя кіраўніка краіны, але так і засталіся непачутыя. Тады блогер Аляксандр Кабанаў прапанаваў выходзіць на плошчу.

«Абмяркоўваць праблемы, абмяркоўваць, што добрае адбываецца, абмяркоўваць кошты, абмяркоўваць ЖКГ, карміць галубоў, мець зносіны з людзьмі – мы маем на гэта поўнае права», – кажа сёння «Белсату» ініцыятар акцыі.

Але ўлады прытрымліваліся іншай думкі, праціўнікі заводу адчулі на сабе, што такое беларуская дзяржаўная рэпрэсіўная машына. Ціск на актывістаў ды іхныя сем’і, звальненне з працы, затрыманні, штрафы і содні. Але гэта не спыніла берасцейцаў, а ўлады мусілі даць задні ход.

«На мой погляд, проста ўбачылі, што гэта нічога не дае. А па-другое, чым большыя былі рэпрэсіі, тым больш людзей выходзіла на плошчу. Людзі не спалохаліся і далі зразумець, што гэтыя рэпрэсіі ім не страшныя. І да таго часу сталі вядомыя вынікі працы гэтага заводу, якія прывялі ў жах усіх, чыноўнікаў таксама», – дадае адзін з праціўнікаў заводу Алег Вялаў.

Пасля паўтара года змагання кіраўнік Берасцейскай вобласці Анатоль Ліс прыпыніў працу акумулятарнага заводу.

«Мы дамагліся таго, што будаўніцтва заводу прыпыненае, ён не ўведзены ў эксплуатацыю, і гэта самы галоўны момант. На нашыя патрабаванні ўлады звярнулі ўвагу, завод закансерваваны, але тым не менш ён канчаткова не зачынены», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

«АйПаўэр» робіць усе магчымае, каб атрымаць магчымасць працаваць, але галоўнае, кажуць актывісты, у Берасці за гэты час сфармавалася грамадзянская супольнасць, якая можа аказваць рэальны супраціў.

«Самае галоўнае – змянілася свядомасць людзей, і дзякуючы ўсёй групе пад назваю берасцейцы завод не працуе, абуджаецца свядомасць людзей, што яны кіруюць краінай і ўсяляк гэтаму спрыяюць. Дапамагаем уладзе разабрацца ў яе праблемах», – кажа праціўнік заводу Дзмітрый Бекалюк.

Цяпер прадпрыемства закансерваванае – да канца сакавіка будзе праходзіць экспертыза, якая вызначыць

Два гады таму акумулятарны завод актыўна будавалі, але цяпер ён не працуе. І праціўнікі прадпрыемства спадзяюцца, што гэтая шкодная, на іхную думку, вытворчасць не запрацуе ніколі.

Рэпартаж Алеся Ляўчука глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 лютага