Берасцейцы пра каронавірус у футбалістаў: «Сказалі гуляць – яны гуляюць»


У пятніцу чарговы матч, а ў чэмпіёна Беларусі ў вышэйшай лізе прынамсі 15 інфікаваных у клубе. Трое футбалістаў ляжаць у больніцы, але квіткі на матч «Дынама-Берасце» – «Слуцк» – прадаюцца.

«Яны такія ж наёмныя працаўнікі, як мы ўсе ў гэтай краіне, у іх выбару ніякага няма. Сказалі гуляць – яны гуляюць».

«Вынік таго, што ў нас працягваўся чэмпіянат, што няма ніякіх абмежаванняў».

«Гэта не самая патрэбная рэч у краіне – футбольны матч, ці іншыя спартовыя мерапрыемствы масавыя».

«Калі гэта даказана тэстамі – ну што ж, трэба было раней на каранцін сыходзіць», – мяркуюць жыхары Берасця.

Інфармацыя, што ў камандзе «Дынама-Берасце» ёсць хворыя, з‘явілася паўтыдня таму, і толькі пасля гульні са «Смалявічамі» спартоўцам зрабілі тэсты. Каронавірус зафіксавалі і ў «Гарадзеі». Паводле «Прэсболу», інфекцыя пацвердзілася ў трох футбалістаў клубу.

Футбольны чэмпіянат Беларусі не спыняўся тады, калі ва ўсім свеце спартовыя спаборніцтвы адмянялі ці пераносілі праз пандэмію.

«Ідзе ігнараванне такой з’явы, такой хваробы. Хутчэй гэта на самацёк, можна сказаць палітыка на вынішчэнне – выжываюць мацнейшыя».

«Ніхто праўды не даведаецца, хто як хоча, так звесткі і падае, гэта ўсё не спраўджваецца, і ніхто не можа пэўна ведаць сітуацыю», – кажуць берасцейцы.

Афіцыйная статыстыка, згодна з выказваннямі кіраўніка краіны пра перамогу над хваробай, пачала паказваць, што каронавірус у нашай краіне ідзе на спад. Паводле Міністэрства здароўя, цягам апошніх содняў у краіне зафіксавалі 250 новых выпадкаў інфікавання і 249 – выздараўлення. Колькасць прызнаных новых смерцяў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй – 6.

У свеце, паводле звестак Універсітэту Джона Гопкінза, зафіксавана ўжо амаль 11 з паловай мільёнаў чалавек з каронавірусам, больш як паўмільёна хворых памерлі. У шэрагу краінаў фіксуюць новыя выбухі інфекцыі. Казахстан стаў першай краінай свету, якая ўжо другі раз увяла каранцін на ўсёй тэрыторыі. У Аўстраліі ўпершыню за сто гадоў закрылі межы паміж штатамі пасля выбуху інфекцыі ў Мельбурне. А ў Іспаніі ўвялі лакальны каранцін у прыбярэжным рэгіёне Галісьі, днём раней закрылі частку Каталунні.

Навукоўцы ж схіляюцца да думкі, што каронавірус існаваў задоўга да першых зафіксаваных выпадкаў інфікавання. Сляды каронавіруса, больш раннія, чым захворванні ва Ухані, навукоўцы выявілі прынамсі ў Італіі, Іспаніі ды Бразіліі.

«Мы ўпэўненыя ў тым, што знайшлі ў лістападаўскіх пробах. Гэта вірус SARS-CoV-2. У нас няма ніякіх сумневаў у гэтым. Але поўнае генетычнае параўнанне паглыбіць нашае разуменне», – кажа Патрысья Стоку, генетык з федэральнага ўніверсітэту Санта-Катарыны ў бразільскім Фларыянопалісе.

Улады ж Беларусі каронавіруса ўсцяж не заўважаюць. Менскі паўмарафон, на які можа сабрацца больш як сорак тысячаў удзельнікаў, запланаваны на 13 верасня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Фота: Аляксандр Сахарчук