Берасцейшчына. Казакі-рускаміраўцы абразілі ўніятаў


Крыж з антыўніяцкімі надпісамі мы знайшлі каля вёскі Колбавічы Баранавіцкага раёну. Што гэта – звычайнае цемрашальства ці мэтанакіраванае правакаванне міжканфесійнага канфлікту?

«Адрынутыя гвалтам» і «Вернутыя любоўю» – менавіта такім чынам характарызуецца гісторыя ўніяцкай царквы ў Беларусі на шыльдзе, размешчанай на крыжы. У ёй жа заяўляецца, што Беларусь трапіла пад уплыў Літвы і Польшчы, пасля чаго страціла сваю спрадвечна праваслаўную тоеснасць. А Расейская імперыя вярнула беларусаў у «сапраўдную веру».

«Што тычыцца надпісу на крыжы, то тут усё правільна з дакладнасцю да наадварот. Бо Унія канца XVI ст. была падпісаная амаль усімі іерархамі і мітрапалітамі царквы Вялікага Княства Літоўскага і прынятая дзяржаваю, і сталася асноваю для будучага жыцця краіны. А скасаванне Уніі адной асобай – біскупам Сямашкам у сярэдзіне XIX ст. не была падпісаная іерархамі царквы, не была доўгі час прынятая народам», – распавяла доктар тэалогіі Ірына Бубянецкая.

Усталяванне антыўніяцкай шыльды ў Колбавічах выглядае правакацыйна

Новы крыж супаў ў часе з нядаўнім выказваннем мітрапаліта Паўла, якое таксама насіла варожы характар да ўніятаў. Як той казаў – супадзенне?

Гісторыкі заўжды падкрэслівалі талерантнасць беларусаў у рэлігійным плане. Таму спробы распаліць міжканфесійную варажнечу выглядаюць штучнымі.

«Любыя нападкі на шматрэлігійнасць у цэлым і на Унію ў прыватнасці ёсць нападкамі на тое, што ёсць асновай беларускай адметнасці. У нас гэтага ў краіне ніколі не было. У нас гэтыя канфесіі сапраўды суіснавалі мірна, і не проста мірна, але нават з вялікай павагай і любоўю», – даводзіць спадарыня Дубянецкая.

Расейская Федэрацыя можа правяраць на моцнасць улады Беларусі

Ці гатовыя яны рэагаваць на нязвыклыя выклікі?

Пасля рэзанансу ў медыях, які выклікалі антыўніяцкія лозунгі на крыжы, у Баранавіцкім райвыканкаме адбылася нарада. Чыноўнікі вырашылі, што ўсталявання крыжоў з правакацыйнымі шыльдамі без дазволу дапускаць усё-такі нельга. А канчатковае вырашэнне па магчымасці ўсталявання крыжа будзе прымаць аблвыканкам.

Аднак застаецца пад пытаннем здольнасць уладаў Беларусі ў зародку вынішчаць спробы распальвання міжканфесійнай і міжнацыянальнай варажнечы ў краіне, якія ў бліжэйшы час могуць толькі ўзмацніцца.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»